У Мастацкім музеі Віцебска прадставілі экспазіцыю з 145 графічных работ фламандскіх і галандскіх мастакоў XVI-XX стагоддзяў.
Выстава можа стаць для гледача падарожжам не толькі ў іншыя краіны, але і эпохі. Мастацтва, якое выходзіла за строгія межы традыцый, майстры, якія нават у манахромным малюнку ўмелі працаваць са святлом, смеласць у адлюстраванні рэалістычных форм - усё гэта расказваюць карціны, прадстаўленыя ў Мастацкім музеі. Вытанчаная, узвышаная, напісаная на біблейскія сюжэты графіка фламандскіх майстроў, якая лічыцца своеасаблівым барока ў жывапісе, і звычайная, бытавая галандская школа графікі, якая не грэбуе рэалізмам, паўстала перад віцебскім гледачом.
Выставу "Галандцы. Фламандцы. Графіка" прывёз у фестывальную сталіцу прыватны калекцыянер з Пецярбурга Арцём Суслаў. Яна ўключае гравюры Галандыі і Фландрыі (цяпер гэта Нідэрланды і Бельгія), самыя раннія з якіх датуюцца 1570 годам, а найбольш познія - пачаткам ХХ стагоддзя. У гасцей фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" з`явілася магчымасць убачыць працы Антоніса ван Дэйка, Хендрыка Гольцыуса, Давіда-малодшага Тэнірса, Рэмбранта, Ван Гога і іншых майстроў. Сярод прадстаўленых гравюр ёсць арыгінал Ван Дэйка, дзве работы Рэмбранта і дзве - Тэнірса-малодшага. Таксама тут можна знайсці гравюры і геліягравюры XIX стагоддзя, некаторыя з іх былі выраблены ў Санкт-Пецярбургу на заказ імператарскага Эрмітажа, а асобныя работы - у Францыі ў 1880-я гады.
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-3/99/65759
Текущая дата: 18.11.2024