Белорусский портал в Казахстане

Маладым аграрыям прапануюць замяніць тэрміновую ваенную службу на службу ў рэзерве



Адпаведную прапанову агучыў сёння міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Анатоль Хацько на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы аб першачарговых мерах па забеспячэнні ўстойлівай работы АПК Віцебскай вобласці.

Анатоль Хацько прапанаваў дазволіць маладым спецыялістам, якія заняты ў сельскагаспадарчай сферы, праходзіць ваенную службу пераважна ў рэзерве.

"Чаго яго ў армію цягнуць? Мы больш страцім, - пагадзіўся Прэзідэнт. - Няхай яны пяць або дзесяць гадоў, можа, два гады па два месяцы адлучаюцца на ваенную падрыхтоўку, але мы іх павінны навучыць, каб яны хаця б у тэрытарыяльнай абароне маглі служыць".

Адпаведных прапаноў, як павінна будавацца работа ў гэтым напрамку, Аляксандр Лукашэнка чакае ад Міністэрства абароны і Дзяржсакратарыята Савета бяспекі. Такая падтрымка для маладых спецыялістаў таксама будзе з`яўляцца пэўнай ільготай, заўважыў кіраўнік дзяржавы.

"Але прайсці гэту суровую школу жыцця трэба ўсім, - падкрэсліў ён. - Дамовіліся. Прапрацуем гэта пытанне. Нам трэба знайсці аптымальны варыянт".

28 студзеня 2020, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/1/51566
Текущая дата: 05.05.2024