Белорусский портал в Казахстане

Белкаапсаюз не супраць адкрыцця гандлёвых кропак прыватнымі прадпрыемствамі ў малых населеных пунктах, але жадаючых пакуль няма



Аб гэтым заявіў старшыня праўлення Белкаапсаюза Валерый Іваноў.

"Згодна з заканадаўствам, любы жадаючы можа адкрываць любую гандлёвую кропку ў любым населеным пункце, ніхто не забараняе. І спажыўкааперацыя не мае права і магчымасці забараніць яе адкрыццё. У некаторых выпадках мы нават падтрымліваем іх: дамаўляемся забяспечваць некаторымі відамі тавараў. Але асабліва жадаючых няма. Таму што, як бы там ні было, работа ў населеных пунктах да 200 чалавек для любой гандлёвай кропкі пры ўмове вытрымлівання асартыменту, цаны і астатняга стратная", - адзначыў Валерый Іваноў.

Кіраўнік Белкаапсаюза сказаў, што ў той жа час у яго арганізацыі такія гандлёвыя кропкі ёсць, хоць яны і нерэнтабельныя. "І мы іх закрыць не можам, таму што для насельніцтва гэта адзіная кропка, куды можна прыйсці за пакупкамі. Тут ужо ў наяўнасці сацыяльная функцыя, якую выконвае спажыўкааперацыя", - падкрэсліў ён.

Валерый Іваноў праінфармаваў, што ў цэлым дынаміка развіцця Белкаапсаюза дадатная ў такіх напрамках, як экспарт тавараў, зверагадоўля, закупка лішкаў сельскагаспадарчай і дзікарослай прадукцыі ў насельніцтва, цэнавая палітыка спажыўкааперацыі. У той жа час дапрацоўкі патрабуюць такія сферы дзейнасці арганізацыі, як якасць гандлёвага абслугоўвання сельскага насельніцтва, забеспячэнне яго ўсімі відамі неабходных тавараў, у тым ліку і імпартных, а таксама своечасовасць разлікаў з пастаўшчыкамі.

24 верасня 2018, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/100/45066
Текущая дата: 06.11.2024