Белорусский портал в Казахстане

Супрацоўнікі МТЗ прыгавораныя да тэрмінаў зняволення да дзесяці гадоў за хабар



Суд Ленінскага раёна Мінска 24 верасня вынес прыгавор па крымінальнай справе ў дачыненні да супрацоўнікаў ААТ "МТЗ", якія абвінавачваюцца ў атрыманні хабараў, паведамляе прэс-служба Мінскага гарадскога суда.

Найбольш сур`ёзнае пакаранне атрымаў галоўны металург прадпрыемства за хабар у асабліва буйным памеры і дапамаганне ў дачы хабару (на падставе ч. 3 арт. 430 КК і ч. 6 арт. 16, ч. 2 арт. 431 КК). Ён прыгавораны да 10 гадоў зняволення з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, з канфіскацыяй усёй маёмасці. Ён таксама пазбаўлены права займаць пэўныя пасады тэрмінам на пяць гадоў.

Работнік мадэльнага цэха прызнаны вінаватым у пасярэдніцтве ў хабарніцтве. Яму прызначылі пакаранне ў выглядзе чатырох гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Начальнік упраўлення матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, які прызнаны вінаватым у атрыманні хабару, прыгавораны да пяці гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, з канфіскацыяй усёй маёмасці. Яму забаранілі займаць пэўныя пасады на працягу пяці гадоў.

Хабарадавальнік (старшыня праўлення ўкраінскага ПАТ "Завод уцяжарвальнікаў") аштрафаваны на 2 тысячы базавых велічынь (49 тысяч рублёў).

Прысуд законную моц не набыў і можа быць абскарджаны і апратэставаны ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку.

Паводле дадзеных следства, у 2016—2017 гадах старшыня праўлення ўкраінскага прадпрыемства даваў хабары службовым асобам МТЗ. Галоўны металург атрымаў грашовыя сродкі на агульную суму больш за 16 тысяч долараў. Пры гэтым ён дапамог грамадзяніну Украіны ў дачы хабару начальніку ўпраўлення.

Аляксей Аляксандраў, Мінск
БелаПАН, 25 верасня 2018


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/101/45060
Текущая дата: 26.12.2024