Белорусский портал в Казахстане

Долар ЗША і еўра зноў патаннелі на фоне ўмацавання расійскага рубля



13 красавіка на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы беларускі рубель, як і напярэдадні, умацаваўся да долара ЗША і еўра, знізіўся да расійскага рубля.

Па выніках таргоў курс еўра знізіўся на 0,0181 рубля (0,72%) і склаў 2,5108 рубля.

Курс долара ЗША знізіўся на 0,0115 рубля (0,56%) і склаў 2,0355 рубля.

Курс расійскага рубля вырас на 0,0131 рубля (0,4%) і склаў 3,3143 беларускага рубля за 100 расійскіх.

У курсаўтварэнні Нацбанк выкарыстоўвае механізм прывязкі курсу рубля да кошыка валют, у якім удзельная вага расійскага рубля складае 50%, долара ЗША і еўра — 30 і 20%.

Беларускі рубель рэагуе на дынаміку курсу расійскага рубля, якая шмат у чым залежыць ад цэн на нафту. У пятніцу цэны на нафту павысіліся, каля поўдня бараль Brent ацэньваўся вышэй за 72 долары.

Расійскі рубель умацоўваецца дзякуючы зніжэнню напружанасці вакол Сірыі, а таксама на фоне дарагой нафты. Як вынікае з дадзеных Цэнтрабанка Расіі, афіцыйны курс долара на выхадныя і панядзелак зменшыўся на 63,48 капейкі — да 61,4311 рубля.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 13 красавіка 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/107/43119
Текущая дата: 06.11.2024