Белорусский портал в Казахстане

Мінпрацы і сацабароны: За год колькасць беспрацоўных у Беларусі знізілася на 44%



На ўліку ў якасці беспрацоўных на 1 сакавіка ў Беларусі знаходзіліся 23,9 тыс. чалавек, паведамляе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, на 44% менш, чым год таму (42,8 тыс. чалавек).

Узровень зарэгістраванага беспрацоўя на 1 сакавіка 2018 года знізіўся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 0,5%. Па рэгіёнах ён склаў: у Брэсцкай, Віцебскай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях — па 0,7%, у Гродзенскай — 0,6%, у Мінскай — 0,5%, у Мінску — 0,2%.

Наймальнікі на пачатак сакавіка заявілі звесткі аб наяўнасці 56,2 тыс. свабодных працоўных месцаў, на 39,9% больш, чым на 1 сакавіка мінулага года (40,2 тыс.). Попыт на работнікаў па рабочых прафесіях склаў 58,5% ад агульнай колькасці вакансій супраць 48,8% на 1 сакавіка 2017 года.

Каэфіцыент напружанасці на рынку працы рэспублікі на 1 сакавіка склаў 0,4 беспрацоўнага на адну вакансію (год таму — 1,1).

Пры гэтым у Віцебскай вобласці гэты паказчык склаў 0,8 беспрацоўнага на вакансію; у Брэсцкай — 0,7; у Гомельскай і Магілёўскай абласцях — 0,5; у Мінскай — 0,4; у Гродзенскай вобласці — 0,3; у Мінску — 0,2 беспрацоўнага на вакансію.

У студзені—лютым бягучага года па садзеянне ў працаўладкаванні звярнулася 29,7 тыс. чалавек, з якіх пастаўлена на ўлік у якасці беспрацоўных 22,3 тыс. чалавек.

У рамках рэалізацыі падпраграмы "Спрыянне занятасці насельніцтва" Дзяржаўнай праграмы аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва на 2016—2020 гады за першыя два месяцы 2018 года на створаныя працоўныя месцы і наяўныя вакансіі працаўладкавана 19,6 тыс. чалавек, або 65,8% ад тых, хто звярнуўся. З іх 14,9 тыс. беспрацоўных.

На навучанне па прафесіях, запатрабаваных на рынку працы, накіравана 778 чалавек. У аплатных грамадскіх работах пры садзейнічанні службы занятасці прынялі ўдзел 6,6 тыс. чалавек. На новае месца жыхарства і работы перасяліліся 12 сем`яў беспрацоўных.

Ірына Турчына, БелаПАН
Мінск, 13 сакавіка 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/108/42837
Текущая дата: 06.11.2024