Белорусский портал в Казахстане

Любы гандлёвы аб’ект або аб’ект грамадскага харчавання ў Беларусі зможа пачаць работу толькі з дня ўключэння звестак аб ім у Гандлёвы рэестр



Гэта прадугледжана законапраектам «Аб змяненні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб дзяржаўным рэгуляванні гандлю і грамадскага харчавання», які прыняты сёння дэпутатамі ў першым чытанні.

Навацыі законапраекта накіраваны ў тым ліку на стварэнне ўмоў для развіцця канкурэнцыі на рынку рознічнага гандлю.

«Прадугледжана змяненне парадку пачатку ажыццяўлення гандлю і грамадскага харчавання ў мэтах упарадкавання ўліку ўсіх суб’ектаў, аптымальнага размяшчэння аб’ектаў і развіцця інфраструктуры, апавяшчальны прынцып, які сёння дзейнічае пры ўнясенні такіх аб’ектаў у Гандлёвы рэестр, замяняецца на дазвольны. Цяпер любы гандлёвы аб’ект або аб’ект грамадскага харчавання зможа пачаць працу толькі з дня ўключэння звестак аб ім у Гандлёвы рэестр. Такім чынам, у мясцовых органаў улады з’явіцца дадатковы інструмент, які дазволіць рэгуляваць размяшчэнне гандлёвых і іншых аб’ектаў на пэўнай тэрыторыі», — распавёў міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў.

Законапраект падрыхтаваны ў мэтах удасканалення заканадаўства аб гандлі і грамадскім харчаванні з улікам правапрымяняльнай практыкі, у тым ліку для спрашчэння патрабаванняў да вядзення бізнесу і зніжэння адміністрацыйнай нагрузкі ў гэтай сферы, а таксама з улікам мерапрыемстваў саюзнай праграмы па ўніфікацыі патрабаванняў да арганізацыі і ажыццяўлення гандлёвай дзейнасці тэрыторыі Беларусі і РФ.

Звязда, 22 снежня 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/11/71889
Текущая дата: 15.11.2024