Першы ў паўночным рэгіёне ІT-цэнтр адкрыўся ў тэхнапарку «Закон і парадак» у Віцебску. Ён уключае школу ІT-Academy ІnTechHub і каворкінг «Месца».
Цяпер матываваная і зацікаўленая моладзь ва ўзросце ад 14 да 30 гадоў зможа вывучаць мову праграмавання, а таксама асвойваць тэхналогіі стварэння і прасоўвання вэб-сайтаў і мультымедыйнага кантэнту.
Акадэмія, або школа, створана на базе рэзідэнта тэхнапарка ТАА «ІнТэхХаб». Згодна з разлікамі, у першы год акадэмія выпусціць больш за 20 кваліфікаваных спецыялістаў, якім затым прапануюць работу ў кампаніях-партнёрах на пасадзе junіor developer. Ахвотныя змогуць асвоіць мовы праграмавання і тэхналогіі.
Кіраўнік кампаніі Арцём Табуноў падкрэсліў, што цэнтр будзе займацца падрыхтоўкай кадраў як для сябе, так і для іншых кампаній. На яго базе магчыма навучанне, павышэнне кваліфікацыі дзеючых спецыялістаў. Тут таксама гатовы распрацоўваць праграмнае забеспячэнне для дзяржаўных прадпрыемстваў, рэалізоўваць іх праекты. Важна, што ў гэтым адукацыйным асяроддзі будучыя праграмісты будуць пераймаць вопыт у прафесіяналаў, падключацца да стварэння новых запатрабаваных праектаў для віцебскіх і кітайскіх ІT-фірмаў. Вялікі пласт работы ІT-цэнтра дадуць менавіта кітайскія партнёры: спецыялісты будуць ствараць кітайскі Wіndows наўзамен амерыканскага. Пачатковы аб’ём інвестыцый для рэалізацыі праекта складае два мільёны долараў.
Каворкінг-цэнтр «Месца» стане пунктам прыцягнення фрылансераў-спецыялістаў сучасных крэатыўных і інавацыйных прафесій. У Віцебску і вобласці раней не было ніводнай падобнай пляцоўкі.
«Неабходнасць адкрыцця ІT-цэнтра прадыктавана самім жыццём, патрэбай развіцця і ўкаранення інавацый, у тым ліку інфармацыйных тэхналогій. Мы разлічваем на канцэнтрацыю ў гэтым месцы таленавітай моладзі і стварэнне ёю новага праграмнага прадукту для рэальнага сектара эканомікі. Для гэтага ў нас ёсць партнёры — нашы ўніверсітэты, цэнтры падтрымкі прадпрымальніцтва і прадпрыемствы, зацікаўленыя ў стварэнні новых працоўных месцаў», — адзначыла намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Анжаліка Нікіціна.
Сумесна з Віцебскім дзяржаўным універсітэтам імя П.М.Машэрава на пляцоўцы акадэміі адкрыюць філіял кафедры матэматыкі і інфармацыйных тэхналогій. Яго асноўнае прызначэнне — праводзіць практычныя заняткі ў месцы падрыхтоўкі спецыялістаў па стварэнні інфармацыйнага прадукту. Студэнты змогуць вучыцца без адрыву ад вытворчасці, а мясцовыя ІT-кампаніі — рыхтаваць для сябе кваліфікаваныя кадры.
«Адна з новых спецыяльнасцяў ва ўніверсітэце — „ІT-медыцына“, другая вельмі цікавая спецыяльнасць — „Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій“, класіка ў гэтай галіне. Таму стварэнне філіяла кафедры — магчымасць практыка-арыентаванай падрыхтоўкі спецыяліста. Ва ўніверсітэце ёсць ужо сем такіх лабараторый з рэзідэнтамі Парка высокіх тэхналогій і больш за 50 філіялаў кафедраў у цэлым па ўсіх спецыяльнасцях. Такім чынам, пасябраваць з тэхнапаркам для нас — вялікая перспектыва, у тым ліку ў галіне сумесных распрацовак з Кітайскай Народнай Рэспублікай. Сёння нашы студэнты і выкладчыкі рыхтуюць шмат цікавых праектаў», — падкрэсліла рэктар Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава Валянціна Багатырова.
Аўтар: Аляксандра Гвоздзева
Звязда, 5 лютага 2024
Звязда, 5 лютага 2024
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/11/72449
Текущая дата: 23.12.2024