Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі ўводзіцца лічбавы рукапісны подпіс



Пра гэта паведаміла прэс-служба Нацыянальнага банка.

У Беларусі ўводзіцца новы спосаб падпісання (пацвярджэння) дакумента ў электронным выглядзе — лічбавы рукапісны подпіс, а таксама пашыраецца пералік банкаўскіх аперацый, паслуг і пагадненняў, якія здзяйсняюцца з выкарыстаннем праграмна-апаратных сродкаў і тэхналогій.

Адпаведныя рашэнні змяшчаюцца ў пастанове праўлення ведамства ад 19 лютага № 65.

Лічбавы рукапісны подпіс можа прастаўляцца як аддалена з выкарыстаннем спецыяльных праграмна-апаратных сродкаў (у тым ліку планшэтаў і дысплеяў), так і пры асабістай прысутнасці кліента ў аддзяленні банка.

"Такі спосаб падпісання юрыдычна значных дакументаў будзе спрыяць развіццю фінансавых паслуг, якія аказваюцца банкамі з дапамогай лічбавых тэхналогій, а таксама скарачэнню папяровага дакументаабароту", — пракаментавала прэс-служба.

Пастановай № 65 для фізічных асоб прадугледжваецца магчымасць набыцця каштоўных папер з выкарыстаннем праграмных сродкаў, а таксама заключэння з іх дапамогай дагавора залогу каштоўных папер пры забеспячэнні выканання абавязацельстваў па дагаворах, што заключаюцца банкамі. Гэтыя нормы дазволяць закласці аснову і актывізаваць дыстанцыйную працу ў галіне выкарыстання каштоўных папер, лічаць у Нацбанку.

Акрамя таго, у межах выканання дэкрэта прэзідэнта № 7 аб развіцці прадпрымальніцтва скасоўваецца норма, якая абавязвае банкі змацоўваць пячаткай копію дакумента ў электронным выглядзе на папяровым носьбіце. Пры гэтым пастановай № 65 банку даецца права прастаўляць пячатку на копіі дакумента ў электронным выглядзе.

Раней у краіне быў укаранёны электронны лічбавы подпіс — рэквізіт электроннага дакумента, якi атрымлiваецца дзякуючы крыптаграфічнай трансфармацыі інфармацыі з выкарыстаннем адмысловага ключа.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 2 сакавіка 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/111/42673
Текущая дата: 26.12.2024