Кіраўнік дзяржавы, наведваючы ў пятніцу фармпрадпрыемства "Мінскінтэркапс", заявіў, што кошт на лекі павінен быць адэкватным і не завышацца.
Манапалізаваная сістэма абароту і вытворчасці лекаў павінна быць створана ў Беларусі ў 2018 годзе, заявіў прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання фармпрадпрыемства "Мінскінтэркапс" у пятніцу.
"Цалкам павінна быць створана ў бягучым годзе ў першым паўгоддзі манапалізаваная сістэма — цалкам празрыстая і падкантрольная вам — сістэма вытворчасці і рэалізацыі лекаў: і айчынных, і імпартных", — заявіў Лукашэнка.
Сістэма, на думку Лукашэнкі, можа быць выбудаваная па аналогіі з вытворчасцю, абаротам і імпартам алкагольнай або тытунёвай прадукцыі. Прэзідэнт прызнаўся, што яго турбуе праблема пасрэдніцтва, прычым не толькі ў фармгаліне.
"Гэта тычыцца ўсёй краіны. Пасярэднікі нас абдзіраюць нагала. Давайце разбірацца з гэтай праблемай. Гэтая праблема не толькі ў іх (у фармгаліне), я ўжо дзесяць разоў казаў аб пасрэдніцтве", — прыводзіць словы Лукашэнкі прэс-служба кіраўніка дзяржавы.
На думку прэзідэнта, пасрэднікі часам забіраюць сабе палову рознічнага кошту тавару. У выніку спажывец вымушаны пераплачваць за лекі. Ён прызнаўся, што на пэўным этапе быў гатовы забараніць усялякае пасрэдніцтва.
Як мяркуе кіраўнік дзяржавы, з-за пасрэдніцтва "дзяржава губляе велізарныя грошы". Акрамя таго, пасрэдніцтва спараджае карупцыю, "адсюль бяруць грошы на хабары і іншае", перакананы прэзідэнт.
Пры гэтым Лукашэнка прызнаў, што ў пэўных выпадках без пасрэднікаў не абысціся, але вызначаць патрэбу ў гэтым павінен кіраўнік высокага ўзроўню.
Мінск, 26 студзеня 2018
Sputnik
Sputnik
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/113/42303
Текущая дата: 26.12.2024