Белорусский портал в Казахстане

Расійскі рубель абнавіў максімум на фоне росту цэн на нафту



4 студзеня на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы беларускі рубель, як і напярэдадні, знізіўся да долара ЗША, еўра і расійскага рубля. Курс расійскай валюты абнавіў гістарычны максімум.

Паводле вынікаў таргоў курс еўра вырас на 0,0071 рубля (0,3%) і склаў 2,3885 рубля.

Курс долара ЗША павялічыўся на 0,006 рубля (0,3%) да 1,985 рубля.

Курс расійскага рубля вырас на 0,0348 рубля (1,01%) і склаў 3,469 беларускага рубля за 100 расійскіх.

У курсаўтварэнні Нацбанк выкарыстоўвае механізм прывязкі курсу рубля да кошыка валют, у якім удзельная вага расійскага рубля складае 50%, долара ЗША і еўра — 30 і 20%.

Беларускі рубель рэагуе на дынаміку курсу расійскага рубля, якая значна залежыць ад цэн на нафту. Цэны на нафту растуць. Ф`ючарсы на Brent таргуюцца блізу 68 долараў за бараль. Гэта самыя высокія цэны на нафту са снежня 2014 года.

У Расіі сярэднеўзважаны курс долара да рубля разлікамі "заўтра" на адзінай гандлёвай сесіі ММВБ, на падставе якога ўсталёўваецца афіцыйны курс ЦБ, на 11.30 чацвярга знізіўся на 27,07 капейкі, склаўшы 57,2339 рубля.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 4 студзеня 2018

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/114/41938
Текущая дата: 26.12.2024