Патрабаванне рэгістрацыі банкамі пашпартных дадзеных фізічных асоб, якія набываюць замежную валюту, адмяняецца. Адпаведны ўказ Аляксандр Лукашэнка падпісаў 29 мая.
"Нацыянальнаму банку даручана ў трохмесячны тэрмін забяспечыць прывядзенне актаў заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым дакументам і прыняць іншыя меры па яго рэалізацыі", — паведамляе прэс-служба прэзідэнта.
Указ распрацаваны "ў мэтах лібералізацыі валютнага рэжыму і спрашчэння парадку правядзення валютна-абменных аперацый" і набывае моц пасля афіцыйнага апублікавання.
Рэгістрацыя пашпартных дадзеных пры куплі валюты была ўведзена 9 лістапада 2011 года на падставе ўказа прэзідэнта № 449 "Аб некаторых пытаннях ажыццяўлення валютна-абменных аперацый фізічнымі асобамі" ад 6 кастрычніка таго ж года.
"Гэты ўказ прыняты ў рамках распрацаванага ўрадам і Нацыянальным банкам Беларусі комплексу мер па выхадзе на адзіны раўнаважны курс беларускага рубля, — гаварылася ў паведамленні прэзідэнцкай прэс-службы. — Рэгістрацыя пашпартных дадзеных фізічных асоб дазволіць сфарміраваць міжбанкаўскую цэнтралізаваную электронную базу дадзеных па ўліку замежнай валюты, прададзенай фізічным асобам, з дапамогай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы адзінай разліковай і інфармацыйнай прасторы".
2011 год быў адным з самых цяжкіх для беларускага рубля: курс наяўнага долара ЗША вырас у 2,76 разу.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН
Мінск, 29 мая 2017
Мінск, 29 мая 2017
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/126/39533
Текущая дата: 29.12.2024