Белорусский портал в Казахстане

Анфімаў: КДК ідзе на праблему, а не на прадпрыемства, дзе даўно не былі



Камітэт дзяржкантролю не такі строгі кантралюючы орган, якім яго многія ўяўляюць.

Аб жаданні разбурыць гэты вобраз заявіў 15 чэрвеня старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Леанід Анфімаў у час наведвання віцебскага ААТ "Малако".

"Не трэба дэманізаваць Камітэт дзяржаўнага кантролю. У некаторых склалася ўражанне, што гэта жупел, якога ўсім трэба баяцца. КДК - гэта перш за ўсё структура, функцыянальна нацэленая на тое, каб дапамагчы прадпрыемствам выйсці з той няпростай сітуацыі, у якой яны апынуліся ў сувязі з часовай дэстабілізацыяй сусветнай эканомікі, што паўплывала на працэсы ў нашай эканоміцы. Вядома, калі ўчыняюцца парушэнні, міма іх мы прайсці не можам. Адзінае - не трэба кантрольную дзейнасць рабіць асновай для ўплыву на ўсе эканамічныя працэсы, якія адбываюцца ў краіне. Шмат суб`ектаў працуюць у прававым полі, і не трэба туды хадзіць проста таму, што даўно не былі. Толькі калі ёсць падставы для правядзення праверкі", - растлумачыў Леанід Анфімаў.

Ён адзначыў, што структура КДК комплексная, механізм яе работы наладжаны. "Гэта грамадзянская частка, якая займаецца дакументальнымі праверкамі, праваахоўныя органы - Дэпартамент фінансавых расследаванняў - і фінансавая разведка. Яны даюць магчымасць перад правядзеннем праверкі азнаёміцца з аператыўнай і фінансавай інфармацыяй аб магчымых негатыўных праявах у тым ці іншым суб`екце гаспадарання, што мяжуюць з правапарушэннямі", - дадаў кіраўнік ведамства.

Такім чынам КДК, паводле яго слоў, "ідзе на праблему, а не на прадпрыемства, дзе даўно не былі". Між тым асноўная маса праверак ажыццяўляецца кантрольнымі і нагляднымі органамі, якія ўваходзяць у склад іншых ведамстваў і дзяржаўных органаў. І гэта дзейнасць мае патрэбу ў наладцы.

У Беларусі распрацаваны прапановы па ўпарадкаванні кантрольна-нагляднай дзейнасці. У іх змешчана шмат мер, накіраваных на скарачэнне праверак, устараненне іх дубліравання.

15 чэрвеня Леанід Анфімаў азнаёміўся з вытворчасцю і прадукцыяй ААТ "Малако", сустрэўся з працоўным калектывам і правёў асабісты прыём грамадзян.

15 чэрвеня 2016, Віцебск
Кацярына Князева - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/137/35937
Текущая дата: 30.09.2024