Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі ў 2024 годзе пабудуюць 1,4 млн кв.м жылля з дзяржпадтрымкай



Аб гэтым заявіў прэм`ер-міністр Раман Галоўчанка ў час сустрэчы ў Авальнай зале Дома ўрада з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў і членамі Савета Рэспублікі па разглядзе праектаў законаў Рэспублікі Беларусь "Аб рэспубліканскім бюджэце на 2024 год" і "Аб змяненні Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь".

Раман Галоўчанка расказаў, куды ў 2024 годзе плануецца накіроўваць інвестыцыі. "Першае - гэта прадаўжэнне рэалізацыі інвестпраектаў і тэхнічнае перааснашчэнне прадпрыемстваў. На гэта пойдзе каля Br30 млрд. Гэты напрамак добра вядомы і ўжо вызначаны. Гэта 163 праекты, якія рэалізуюцца ў рамках праграмы "Адзін раён - адзін праект". Радуе, што ў многіх раёнах праект не адзін, іх ужо некалькі", - расказаў Раман Галоўчанка.

Другі напрамак - жыллё і інфраструктура да яго. "За кошт усіх крыніц фінансавання павінна быць пабудавана не менш як 4,4 млн. кв.м жылля, у тым ліку з дзяржпадтрымкай - 1,4 млн кв.м, арэнднага жылля - практычна 500 тыс. кв.м, - адзначыў кіраўнік урада. - Трэцяе - інфраструктура ў рэгіёнах. Запланавана будаўніцтва 20 дзіцячых садоў, 12 школ, 12 фізкультурна-аздараўленчых комплексаў, 2 басейнаў, 18 аб`ектаў аховы здароўя, фінансаванне 150 станцый ачысткі вады ад прымесей жалеза і 16 ачышчальных збудаванняў".

Акрамя таго, будуць адрамантаваны 1,6 тыс. км рэспубліканскіх аўтамабільных дарог, 2,7 тыс. км мясцовых дарог і рэканструяваны 7 мастоў.

23 кастрычніка 2023, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/14/71269
Текущая дата: 23.12.2024