Белорусский портал в Казахстане

Курс долара працягвае расці



Курс еўра знізіўся на 70 рублёў (на 0,39%) і склаў 17.736 рублёў.

17 жніўня на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы курс долара ЗША пераадолеў псіхалагічны бар`ер у 16 тысяч рублёў — вырас на 33 рублі (0,2%) да 16.024 рублёў.

Курс расійскага рубля знізіўся на 1,42 рубля (0,58%) да 244,7 беларускага рубля.

Паводле прагнозаў старшага аналітыка форэкс-брокера "Альпары" Вадзіма Іосуба, актыўны рост курсу долара і еўра да беларускага рубля працягнецца, але краху не будзе. "Гэта звязана, у першую чаргу, з падзеннем расійскага рубля да долара і еўра. Структура нашага валютнага кошыка практычна аўтаматычна прыводзіць да таго, што долар і еўра растуць да беларускага рубля", — адзначыў эксперт. 

"Можна прагназаваць накладанне адразу двух фактараў: працяг росту кошту валютнага кошыка і зніжэнне беларускага рубля, — лічыць Іосуб. —  На гэта будзе накладвацца рост курсу долара і еўра да расійскага рубля. У выніку ў Беларусі і долар, і еўра будуць актыўна расці, а курс расійскага рубля да беларускага — зніжацца. Такім чынам, рост кошту валютнага кошыка будзе ў цэлым дастаткова ўмераным".

Аналітык не раздзяляе меркаванне аб тым, што пасля прэзідэнцкіх выбараў курс беларускага рубля рухне. "Хутчэй за ўсё, гэтага не адбудзецца, таму што нейкіх працэсаў штучнага стрымлівання беларускага рубля да выбарах я не заўважаў", — сказаў Іосуб.

Паводле яго слоў, "чыста тэарэтычна абвал беларускага рубля можа здарыцца ў выпадку значнага перавышэння попыту над прапановай". "Для гэтага на рынку павінна быць вельмі шмат рублёў у насельніцтва і ў прадпрыемстваў, якія яны хацелі б памяняць на долары, — растлумачыў эксперт. — Але мы бачым, што Нацыянальны банк і ўрад праводзяць дастаткова акуратную палітыку адносна даходаў. Нейкага выбуховага росту зарплат перад выбарамі пакуль няма і, хутчэй за ўсё, не плануецца. Зарплаты ў намінальным выражэнні дастаткова павольна растуць, а ў рэальным, з улікам інфляцыі, нават зніжаюцца. Нацбанк стрымлівае рост грашовай масы, і "рублёвага навесу", які мог бы выліцца на валютны рынак, ні ў насельніцтва, ні ў прадпрыемстваў няма. Гэта тая прычына, якая, як я лічу, не апраўдвае чаканне нейкага краху".

Пра адсутнасць падстаў для рэзкіх ваганняў курсу беларускага рубля заяўляў на прэс-канферэнцыі 4 жніўня старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаур. "Я не разумею, чаму часта праводзяць нейкі водападзел: перад выбарамі і пасля іх. Мы разглядаем сітуацыю да канца года. У нас курс плавае, ён закліканы адэкватна рэагаваць на выклікі. Зразумела, што шмат у чым гэты курс залежыць ад знешняга асяроддзя — цэн на нафту, курсаў нашых суседзяў, попыту і прапановы на ўнутраным рынку", — сказаў ён. 

"Безумоўна, мы арыентуемся на пэўныя прагнозы экспертаў па курсе расійскага рубля. І нашы ацэнкі дзесьці супадаюць з ацэнкамі вядучых расійскіх экспертаў, што найбліжэйшым часам ваганне расійскага рубля будзе ў межах 55-65 рублёў за долар. Гэта ўсё тое, што ўпісвалася ў нашы сцэнарыі, якія прапрацоўваліся ў пачатку года. Гэта значыць нічога нечаканага ў нас або на рынку нашых суседзяў, што магло б справакаваць рэзкія значныя адхіленні курсу, нічога такога не адбываецца", — падкрэсліў Калаур.

Ён запэўніў, што і ў далейшым курсаўтварэнне ў Беларусі будзе свабодным, а дынаміка курсу будзе рэагаваць на знешнія выклікі. "Але мы не чакаем нейкіх значных фактараў, якія аказалі б істотны ўплыў на змену курсу", — дадаў кіраўнік Нацбанка.

Аляксей Арэшка, Марына Носава, Мінск
БелаПАН, 17 жніўня 2015

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/152/32401
Текущая дата: 30.09.2024