Белорусский портал в Казахстане

З 1 лістапада сярэдняя пенсія ў Беларусі ў намінальным выражэнні складзе 2 млн. 645 тыс. рублёў



Пра гэта паведамляе Міністэрства працы і сацыяльнай абароны.

Як растлумачылі ў ведамстве, пераразлік пенсій будзе зроблены ў сувязі з павелічэнне на 5,5% сярэдняй заработнай платы работнікаў. Папярэдні пераразлік пенсій быў зроблены ў жніўні 2014 года зыходзячы з сярэдняй заработнай платы 5 млн. 332 тыс. рублёў. Пасля індэксацыі на 5,5% сярэдняя заработная плата павялічыцца да 5 млн. 625 тыс. 300 рублёў, адзначылі ў Мінпрацы. 

"У выніку пераразліку з лістапада 2014 года працоўныя пенсіі павялічацца ў сярэднім на 5,3%. Сярэдняя пенсія ў намінальным выражэнні складзе 2 млн. 644 тыс. 800 рублёў", — гаворыцца ў паведамленні. 

З лістапада таксама будуць пералічаны памеры мінімальных працоўных і сацыяльных пенсій, надбавак, павышэнняў і даплат да пенсій у сувязі з павелічэннем бюджэту пражытачнага мінімуму ў цэнах верасня 2014 года. 

Дадатковыя расходы на павышэнне пенсій з 1 лістапада складуць больш як 340 млрд. рублёў у месяц. Фінансаванне расходаў будзе ажыццяўляцца са сродкаў дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. 

Гэта трэцяе павышэнне пенсій за год. У кастрычніку сярэдні памер працоўных пенсій быў крыху большы за 2,5 млн. рублёў. 

На ўліку ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў верасні 2014 года стаяла 2 млн. 549,6 тыс. пенсіянераў.

Анастасія Салановіч, БелаПАН
Мінск, 28 кастрычніка 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/172/27882
Текущая дата: 29.09.2024