Белорусский портал в Казахстане

Банк развіцця Беларусі ў 2015 годзе пракрэдытуе інвестпраекты малога і сярэдняга бізнесу на Br700 млрд.



Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 29 кастрычніка 2014 года нумар 1021.

Згодна з пастановай, Банк развіцця прафінансуе малы і сярэдні бізнес без прыцягнення сродкаў бюджэту шляхам размяшчэння ўкладаў (дэпазітаў) у банках-рэзідэнтах. У далейшым яны за свой кошт і ад свайго імя будуць накіроўваць гэтыя грошы на крэдытаванне інвестыцыйных праектаў юрыдычных асоб — суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва і мерапрыемстваў, што прадугледжваюць набыццё тавараў для іх перадачы ў лізінг такім суб’ектам.

Парадак узаемадзеяння Банка развіцця з банкамі-рэзідэнтамі і ўмовы фінансавання вызначаюцца ў заключаных імі пагадненнях, сказана ў пастанове.

Як паведамлялася, у жніўні гэтага года Банк развіцця пачаў праграму па фінансаванні суб’ектаў малога і сярэдняга бізнесу. Яна разлічана на прадпрымальнікаў і арганізацыі, сферай дзейнасці якіх з’яўляецца прамвытворчасць, будаўніцтва, сельская гаспадарка. Скарыстацца рэсурсамі могуць таксама тыя, хто заняты ў сферы транспарту і сувязі, у сферы паслуг. Працэнтная стаўка для пазычальнікаў не перавышае 24,5 працэнта гадавых. Крэдытныя сродкі прадастаўляюцца на тэрмін да 5,5 года. Грошы могуць быць выкарыстаны як у форме прадастаўлення крэдыту, так і ў форме паставак інвестыцыйных тавараў у лізінг.

Рэалізацыя праграмы прадугледжвае выкарыстанне двухузроўневага механізма. На першым узроўні Банк развіцця прадастаўляе фінансавыя рэсурсы банкам-партнёрам. На другім яны адбіраюць па ўзгодненых з Банкам развіцця крытэрыях непасрэдных пазычальнікаў, праводзяць ацэнку іх фінансавага стану і плануемых для рэалізацыі праектаў, а таксама прымаюць рашэнні аб выдачы крэдыту па агаворанай гранічнай стаўцы. Такая сістэма крэдытавання адпавядае лепшаму сусветнаму вопыту.

У якасці банкаў-партнёраў Банк развіцця запрасіў да пілотнага ўдзелу ў праграме фінансавыя арганізацыі, якія валодаюць неабходным вопытам і практыкай крэдытавання суб’ектаў малога бізнесу: Белгазпрамбанк, Банк БелЗЭБ і Беларускі народны банк.

Пастанова Савета Міністраў ад 29 кастрычніка 2014 года нумар 1021 уступае ў сілу з 1 студзеня 2015 года.

Звязда, 10 лістапада 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/172/28128
Текущая дата: 29.09.2024