Белорусский портал в Казахстане

На завяршэнне будаўніцтва завода драўнянавалакністых пліт у ААТ "Мастоўдрэў" у 2014 годзе выдзеляць Br300 млрд.



Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў нумар 849 ад 29 жніўня 2014 года, якая афіцыйна апублікавана 3 верасня на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Згодна з дакументам Міністэрству фінансаў даручана ўнесці ў 2014 годзе Br300 млрд у статутны фонд ААТ "Мастоўдрэў" для фінансавання інвестыцыйнага праекта "Арганізацыя новых вытворчасцей з тэхнічным пераўзбраеннем дзеючых. Арганізацыя вытворчасці драўнянавалакністых пліт МДФ/ХДФ". Сродкі выдзеляць са сродкаў рэспубліканскага бюджэту, прадугледжаных на павелічэнне долі дзяржавы ў статутных фондах (у тым ліку набыццё акцый), укладанне сродкаў у каштоўныя паперы (аблігацыі).

Паводле слоў першага намесніка старшыні канцэрна "Беллеспаперапрам" Дзмітрыя Лізуры, сродкі будуць накіраваны на завяршэнне будаўніцтва вытворчасці драўнянавалакністых пліт, у тым ліку - завяршэнне будаўніча-мантажных работ і стварэнне інфраструктуры, дапаможных вытворчасцей, такіх як станцыя водаачысткі.

На будаўніцтва завода драўнянавалакністых пліт МДФ/ХДФ, якое вядзецца з вясны 2012 года, раней ужо былі выдзелены сродкі ў памеры 147 млн еўра. Увод вытворчасці ў эксплуатацыю чакаецца ў лютым 2015 года. Праектная магутнасць завода складае 50 тыс. куб.м у год.

У выніку мадэрнізацыі, якая праводзіцца на прадпрыемствах канцэрна "Беллеспаперапрам", чакаецца павелічэнне да 2016 года аб`ёмаў вытворчасці драўнянавалакністых пліт у 5,9 раза. "Драўнянавалакністыя пліты сёння выпускаюцца ў Беларусі ў недастатковай колькасці, і іх даводзіцца закупляць за мяжой. Увод у эксплуатацыю новых магутнасцей дасць магчымасць істотна знізіць імпарт такой прадукцыі", - дадаў Дзмітрый Лізура.

Пастанова ўступае ў сілу з дня яе прыняцця.

3 верасня 2014, Мінск
Марыя Дзмітрыева - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/174/27435
Текущая дата: 29.09.2024