Жыхар Гарадоцкага раёна на спецыялізаваным сайце па рэалізацыі аўтамабіляў знайшоў аб’яву аб продажы трактара.
Вяскоўца прыемна здзівіў даволі нізкі кошт. Ён тут жа звязаўся з прадаўцом. Той выкарыстоўваў беларускі нумар, што яшчэ больш пераканала мужчыну, што ён мае справу з рэальным уладальнікам тэхнікі. Як падзеі разгортваліся далей і чым усё скончылася, паведамляе УУС Віцебскага аблвыканкама.
Мужчыны дамовіліся аб здзелцы, але тут сталі ўзнікаць першыя праблемы. Аказалася, што трактар знаходзіцца ў Літве і трэба заплаціць за яго ўяўную «размытнёўку». Таксама прадавец папрасіў унесці невялікую перадаплату. Для пераканаўчасці сваіх намераў ён скінуў фота дамовы куплі-продажы.
Вясковец крыху пасумняваўся, але пагадзіўся на прапанаваныя ўмовы. Пералічыўшы грошы, ён стаў чакаць замову. Замест яго зноў пайшлі званкі, падчас якіх мужчыне сталі казаць, што ён можа яшчэ хутчэй атрымаць трактар, калі перавядзе ўсю суму. У выніку пацярпелы адправіў махлярам больш за 18 тысяч рублёў. Пасля гэтага прадавец абяцаў прыгнаць тэхніку на наступны дзень наўпрост да дома пакупніка. Зрэшты, з гэтага моманту ён перастаў выходзіць на сувязь. Ашуканы мужчына праз некаторы час адправіўся за дапамогай у міліцыю.
Сяргей Расолька
Звязда, 20 траўня 2023
Звязда, 20 траўня 2023
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/18/69485
Текущая дата: 15.11.2024