Белорусский портал в Казахстане

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі паведаміла падрабязнасці крымінальнай справы былога першага намесніка міністра лясной гаспадаркі Фёдара Лісіцы



Справа ў дачыненні да Ф.Лісіцы на падставе ч. 3 арт. 424 КК (злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі) была распачатая Генеральнай пракуратурай па матэрыялах ГУБАЗіК МУС і Камітэта дзяржаўнага кантролю 9 красавіка.

Як паведамляе ўпраўленне інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС, выкарыстоўваючы свае службовыя паўнамоцтвы, Лісіца арганізаваў за кошт сродкаў інавацыйнага фонду Міністэрства лясной гаспадаркі неправамернае выкананне рамонту ў выдзеленай яму двухузроўневай службовай кватэры ў аграгарадку Ждановічы. Добраўпарадкаванне жылля агульнай плошчай 111 кв. м пацягнула незаконнае расходаванне бюджэтных грашовых сродкаў амаль на 300 млн. рублёў.

Ён жа, злоўжываючы службовымі паўнамоцтвамі, дзейнічаючы з карыслівай зацікаўленасці, з мая па верасень 2012 года жыў у нумары люкс ведамаснай гасцініцы без аплаты аказаных паслуг.

Акрамя таго, устаноўлены супрацьзаконныя дзеянні, учыненыя падазроным у бытнасць яго дырэктарам дзяржаўнай лесагаспадарчай установы "Старобінскі лясгас" Салігорскага раёна Мінскай вобласці. У 2005 годзе, злоўжываючы службовым становішчам, ён незаконна завалодаў зямлёй агульнай плошчай 0,95 га і пабудаваў там катэдж. Участак знаходзіўся ў водаахоўнай зоне каля вёскі Яскавічы Салігорскага раёна і адносіўся да земляў дзяржаўнага ляснога фонду, які заняты лясамі першай групы.

У выніку незаконнага заняцця і выкарыстання ўказанага зямельнага ўчастка, з прычыны знішчэння жывога надглебавага покрыва і дэградацыі земляў навакольнаму асяроддзю нанесены ўрон больш як на 1,1 млрд. рублёў.

У 2008 годзе Лісіца за кошт дзяржаўнай установы, якой кіраваў, пабудаваў для сябе службовае жыллё ў вёсцы Тычыны Салігорскага раёна агульнай плошчай 252 кв. м. Пазней дом у склад службовых жылых памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду не ўключаўся, а быў незаконна прыватызаваны і аформлены ў прыватную ўласнасць на льготных умовах.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 14 красавіка 2014

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/180/25772
Текущая дата: 29.09.2024