Белорусский портал в Казахстане

У студзені—жніўні ў Мінску пабудавана 69% жылля ад гадавога задання



Пра гэта паведамілі ў Галоўным статыстычным упраўленні Мінска.

У Мінску арганізацыямі ўсіх форм уласнасці ў студзені—жніўні 2013 года пабудавана 9.866 новых кватэр. Уведзена ў эксплуатацыю 690,9 тыс. кв. м агульнай плошчы жылых дамоў (69% ад гадавога задання). Гэта на 151,4 тыс. кв. м больш, чым за аналагічны перыяд 2012 года.

Больш як палова ўведзенага жылля (370 тыс. кв. м) прызначана для грамадзян, якія знаходзяцца на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, з іх 290 тыс. кв. м будавалася з выкарыстаннем дзяржаўнай падтрымкі ў выглядзе льготных крэдытаў і бязвыплатных субсідый. У параўнанні з тым жа перыядам 2012 года ўвод у эксплуатацыю жылля для гэтай катэгорыі грамадзян павялічыўся на 126,6 тыс. кв. м.

У студзені—жніўні 2013 года індывідуальнымі забудоўшчыкамі ўведзена ў эксплуатацыю 22,4 тыс. кв. м агульнай плошчы жылых дамоў, што ў 1,3 раза больш, чым у студзені—жніўні 2012 года.

За восем месяцаў на жыллёвае будаўніцтва выкарыстана 5 трлн. 28,1 млрд. рублёў інвестыцый, што складае 21% да іх агульнага аб`ёму.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 29 верасня 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/184/23596
Текущая дата: 29.09.2024