Белорусский портал в Казахстане

Павышаюцца цэны на хлеб і гарэлку



29 жніўня ў Беларусі павышаюцца цэны на хлеб, хлебабулачныя вырабы і моцны алкаголь. Адпаведныя пастановы Міністэрства эканомікі апублікаваныя на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Так, пастановай № 59 ад 23 жніўня 2013 года межавыя максімальныя адпускныя цэны на некаторыя віды хлеба і хлебабулачных вырабаў павялічаны ў сярэднім на 10%.

Межавая максімальная адпускная цана на хлеб жытні, з сумесі жытняй і пшанічнай мукі (акрамя заварных гатункаў) без дадатковай сыравіны ўстаноўлена ў 2.833 рублі за 1 кг, на хлеб жытні, з сумесі жытняй і пшанічнай мукі, заварны без дадатковай сыравіны — у 3.611 рублёў за 1 кг, батоны і хлябцы з пшанічнай мукі вышэйшага гатунку з утрыманнем цукру і тлушчаў у суме не вышэй за 14% вагой 300 г і больш — у 5.457 рублёў за 1 кг, батоны і хлябцы з пшанічнай мукі першага гатунку з утрыманнем цукру і тлушчаў у суме не вышэй за 14% вагой 300 г і больш — 4.746 рублёў за 1 кг.

Такім чынам, цэны выраслі на так званыя сацыяльныя гатункі хлебабулачных вырабаў, якія адносяцца да ніжняй цэнавай групы.

Яшчэ адной пастановай Міністэрства эканомікі (№ 60 ад 23 жніўня) павышаюцца цэны на алкагольную прадукцыю мацункам звыш 28%. Так, межавая мінімальная адпускная цана на алкаголь мацункам 40% за 0,5 літра павялічана на 11,1% да 30 тысяч рублёў. Цана вырасла "ў сувязі з ростам закупачных цэн на збожжа ўраджаю 2013 года для вытворчасці спірту на 7—10%".

Межавая мінімальная рознічная цана (з ПДК) і межавая мінімальная адпускная цана на імпартны алкаголь мацункам 40% застаюцца без змен.

БелаПАН
Мінск, 28 жніўня 2013

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/186/22992
Текущая дата: 29.09.2024