Белорусский портал в Казахстане

Насельніцтва Беларусі ў ліпені купіла валюты ўдвая больш, чым прадало



Пра гэта сведчаць статыстычныя даныя Нацыянальнага банка.

Насельніцтва Беларусі ў ліпені прадоўжыла заставацца чыстым пакупніком замежнай валюты, пры гэтым аб`ёмы набытай валюты ў параўнанні з чэрвенем значна выраслі. Юрыдычныя асобы - рэзідэнты і нерэзідэнты ў ліпені таксама набылі валюты больш, чым рэалізавалі.

Фізічныя асобы за ліпень прадалі наяўнай і безнаяўнай валюты на $685,4 млн. (за чэрвень $619,1 млн.) у эквіваленце, набылі - $1 млрд. 306,9 млн. ($884,2 млн.). Такім чынам, чыстая купля замежнай валюты склала $621,5 млн. (у чэрвені - $265,1 млн.). Варта адзначыць, што да чэрвеня, пачынаючы з лютага, фізічныя асобы прадавалі валюты больш, чым куплялі. Змяненне тэндэнцыі летам эксперты тлумачаць у тым ліку сезонам адпачынкаў, а таксама пераводам рублёвых укладаў у валютныя.

У цэлым за студзень-ліпень насельніцтва Беларусі рэалізавала валюты на $4 млрд. 668,1 млн. у эквіваленце, набыло - $5 млрд. 456,6 млн. Чыстая купля замежнай валюты за сем месяцаў склала $788,5 млн.

Суб`екты гаспадарання - рэзідэнты Беларусі за ліпень прадалі замежнай валюты на $2 млрд. 102,1 млн. у эквіваленце (у чэрвені - $1 млрд. 963,5 млн.), купілі - $2 млрд. 121,1 млн. ($1 млрд. 799,4 млн.). Чыстая купля склала $19 млн. (у чэрвені склаўся чысты продаж у суме $164,1 млн.). За студзень-ліпень рэзідэнты прадалі валюты на $13 млрд. 376,7 млн., набылі - на $12 млрд. 691,9 млн. Чысты продаж валюты склаўся ў памеры $684,8 млн.

Нерэзідэнты Беларусі ў ліпені рэалізавалі замежнай валюты на $240,2 млн. у эквіваленце (у чэрвені - $201,5 млн.), купілі - $318,3 млн. ($265,2 млн.). Такім чынам, чыстая купля замежнай валюты склала $78,1 млн. (за чэрвень - $63,7 млн.). За сем месяцаў 2013 года нерэзідэнты прадалі $3 млрд. 259 млн., набылі $3 млрд. 824,2 млн. Чыстая купля валюты нерэзідэнтамі склалася ў суме $565,2 млн.

Сумарна чыстая купля замежнай валюты на сегментах валютнага рынку, статыстыку па якіх публікуе Нацыянальны банк, у студзені-ліпені 2013 года склала $668,9 млн. (за паўгоддзе склаўся чысты продаж у суме $49,7 млн.).

У цэлым абарот валютнага рынку Беларусі ў студзені-ліпені 2013 года склаў $43 млрд. 75 млн. у эквіваленце, сярэднядзённы - $277,1 млн. Пры гэтым аб`ём здзелак, праведзеных на пазабіржавым валютным рынку, за сем месяцаў дасягнуў $16 млрд. 9,9 млн., на Беларускай валютна-фондавай біржы склаўся ў памеры $17 млрд. 904,9 млн. Аб`ём аперацый на рынку наяўных валют краіны за студзень-ліпень бягучага года склаў $9 млрд. 160,3 млн.

У Нацбанку адзначаюць, што ва ўмовах адноснай збалансаванасці знешнегандлёвых плацяжоў і прыцягнення знешняга фінансавання ў эканоміку сітуацыя на валютным рынку краіны ў першым паўгоддзі заставалася даволі стабільнай. Разам з тым у ліпені па меры ўскладнення сітуацыі з плацежным балансам краіны, ростам дэвальвацыйных чаканняў і шэрага іншых фактараў павялічыўся попыт на замежную валюту з боку насельніцтва і прадпрыемстваў, пачаўся адток рублёвых укладаў і іх пераафармленне ў валютныя дэпазіты. Аднак у выніку своечасова прынятых мер, у тым ліку рашэння пакуль не зніжаць стаўку рэфінансавання, у сярэдзіне ліпеня 2013 года згаданыя негатыўныя працэсы ўдалося спыніць, і сітуацыя на ўнутраным валютным рынку і рынку дэпазітаў да гэтага часу ў цэлым стабілізавалася, заяўляюць у Нацбанку. У канцы ліпеня прыток тэрміновых рублёвых дэпазітаў насельніцтва ў банкі аднавіўся.

7 жніўня 2013, Мінск
Ганна Кот - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/193/22535
Текущая дата: 17.11.2024