Белорусский портал в Казахстане

Іншаземцам, якія наведалі Беларусь, вернуць грошы па сістэме Tax Free



Аб гэтым паведаміла 20-га снежня 2012 журналістам намеснік міністра па падатках і зборах Эла Сяліцкая.

Іншаземцы змогуць атрымаць суму ПДВ па сістэме Tax Free ў пунктах пропуску, дзе знаходзяцца структурныя падраздзяленні банкаў.

З 1 студзеня 2013 года ў Беларусі ўводзіцца сістэма Tax Free - механізм вяртання ПДВ з беларускіх тавараў, набытых у рэспубліцы іншаземцамі. Мінімальны кошт пакупак пры вяртанні ПДВ павінен скласці Br800 тыс. Тавар павінен быць набыты ў адным магазіне на працягу аднаго рабочага дня. Суму падатку вяртаць не будуць у выпадках, калі тавар у Беларусі вызвалены ад ПДВ або па ім прымяняецца паніжаная стаўка (напрыклад, гэта датычыцца харчовых тавараў). Акрамя таго, не падлягаюць вяртанню ПДВ падакцызныя тавары. "Па іншых таварах вяртанне падатку будзе ажыццяўляцца", - адзначыла намеснік міністра.

Механізм вяртання ПДВ будзе працаваць наступным чынам: іншаземец у пункце пропуску прад`яўляе чэк пры выездзе з краіны. Прычым спажывец можа атрымаць суму ПДВ наяўнымі грашыма ў пунктах пропуску, дзе будуць знаходзіцца структурныя падраздзяленні банкаў. Калі іншаземец будзе выязджаць з краіны праз пункты пропуску, дзе аддзяленні банка не прадстаўлены, то грашовыя сродкі яму перавядуць на разліковы або карт-рахункі.

"Сістэма Tax Free ўводзіцца ў сувязі з тым, што ў Беларусі арганізуецца ўсё больш міжнародных мерапрыемстваў, а таксама ў сувязі з развіццём культурна-пазнавальнага і аздараўленчага турызму", - растлумачыла Эла Сяліцкая. Дарэчы, Беларусь першая сярод краін Мытнага саюза ўводзіць такі механізм.

20 снежня 2012, Мінск
Андрэй Асфура - БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/202/18508
Текущая дата: 11.05.2024