У дадатку «Мой горад» прадстаўлена ўся інфраструктура горада — арганізацыі, установы, спартыўныя, культурныя і іншыя аб’екты.
Госці Магілёва з дапамогай лічбавага навігатара могуць скласці маршрут і самастойна азнаёміцца са славутасцямі абласнога цэнтра.
Наогул сфера інфарматызацыі і высокіх тэхналогій у Беларусі імкліва развіваецца. На гэты раз Магілёў стаў цэнтрам адразу двух падзей — прэзентацыі навукова-адукацыйнага цэнтра «Разумны горад» і дадатку «Мой горад», а таксама выязнога семінара «Разумныя гарады Беларусі» з удзелам міністра сувязі і інфарматызацыі Канстанціна Шульгана і міністра адукацыі Андрэя Іванца.
Удзельнікі семінара мелі магчымасць наведаць выставу ў Беларуска-Расійскім ўніверсітэце і азнаёміцца з патэнцыялам навуковых распрацовак і перадавых ідэй магілёўскіх навукоўцаў і студэнтаў. Частка з гэтых вынаходніцтваў ужо прымяняецца ў вытворчасці і розных галінах народнай гаспадаркі.
— Гаспадарчы падыход заключаецца ў тым, як прымяніць разумныя тэхналогіі і што дадаткова распрацаваць, — падкрэсліў у размове з журналістамі Канстанцін Шульган. — І тут паўстае пытанне кваліфікаваных кадраў, якія змогуць гэта стварыць. Магілёў — горад з вялікім патэнцыялам, які павінен уключыцца ў працэс. Ініцыятыва «Разумныя гарады Беларусі» бязмежная, гэта — праект будучага, нават іншым пакаленням будзе над чым папрацаваць. Галоўная яго мэта — зрабіць на аснове лічбавых тэхналогій наша жыццё зручным, бізнес-працэсы — больш эфектыўнымі, адміністратыўнае кіраванне — правільным.
Праект «Разумныя гарады Беларусі» ухвалены кіраўніком дзяржавы, і яго ўкараненне праводзіцца ў адпаведнасці з планам. Сумесныя семінары Міністэрстваў сувязі і інфарматызацыі і адукацыі ставяць мэту азнаёміць грамадства з нарматыўнай асновай, расказаць пра нюансы юрыдычнага права прымянення высокіх тэхналогій, інструментаў, якія для гэтага існуюць, а таксама вырашыць кадравыя пытанні. Сёння падрыхтоўка спецыялістаў у галіне інфармацыйных тэхналогій вядзецца ў 19 універсітэтах нашай краіны і шэрагу каледжаў.
— Калі раней універсітэты пераважна ўзаемадзейнічалі з універсітэтамі, то сёння мы бачым, што ідзе фактычна скразная вертыкаль, калі мы ўключаем у навукова-даследчую працу школьнікаў, падключаем спецыялістаў з каледжаў, навукоўцаў, якія працуюць у універсітэтах, — адзначыў міністр адукацыі Андрэй Іванец. — Стварэнне кластараў рэгіянальнага характару вельмі важна, таму што дапамагае вырашаць канкрэтныя практычныя задачы для рэгіёнаў. Сістэма адукацыі павінна больш сур’ёзна рэалізоўваць свой патэнцыял пры вырашэнні сацыяльна-эканамічных задач. Мы павінны ўбачыць, якія прафесіі ў будучыні нам спатрэбяцца, якія кампетэнцыі і прафесіі будуць патрэбны ў цэлым не толькі сёння, але і на перспектыву.
Якія магчымасці дае беларусам развіццё высокіх тэхналогій, можна было азнаёміцца на прыкладзе навукова-адукацыйнага цэнтра «Разумны горад», які прапісаўся ў Магілёве па адрасе Болдзіна, 3. Ініцыятыва рэалізуецца ў рамках праграмы «Лічбавае развіццё Беларусі» Міністэрствам сувязі і інфарматызацыі сумесна з рэспубліканскім прадпрыемствам «Белтэлекам». Генеральны дырэктар РУП «Белтэлекам» Юрый Петручэня звярнуў увагу на тое, што з моманту запуску лічбавай платформы яе запатрабаванасць актыўна расце. Яна дазваляе зрабіць больш функцыянальным узаемадзеянне экасістэмы гарадскіх сэрвісаў і насельніцтва.
Мабільнае прыкладанне «Мой горад» сёння даступна ўжо ў 14 гарадах Беларусі, яшчэ 30 рыхтуюцца да запуску. Аднымі з актыўных карыстальнікаў рэсурсу сталі жыхары Бабруйска Магілёўскай вобласці. Ну а Магілёў — першы з абласных цэнтраў, дзе гэта паслуга цяпер даступная. Істотна абнавіўся і сэрвісны цэнтр «Белтэлекам», дзе адбылася прэзентацыя. Ён мадэрнізаваны з улікам апошніх лічбавых тэхналогій. Разынкай стаў вучэбны клас, дзе спецыялісты па продажу самі могуць азнаёміцца з новымі паслугамі кампаніі або прайсці тэсціраванне па паслугах, якія аказваюцца.
Нэлі Зігуля
Звязда, 17 сакавіка 2023
Звязда, 17 сакавіка 2023
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/21/68714
Текущая дата: 15.11.2024