Белорусский портал в Казахстане

Лясгасы Беларусі плануюць рэалізаваць не менш як 170 тыс. навагодніх елак



Пра гэта паведамілі ў прэс-службе Міністэрства лясной гаспадаркі.

Ёлачныя базары лясгасы арганізуюць у сталіцы, ва ўсіх абласных і раённых цэнтрах краіны. Працаваць яны пачнуць напярэдадні Божага Нараджэння (25 снежня).

Лесагаспадарчымі ўстановамі галіны сумесна з аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам плануецца арганізаваць каля 600 гандлёвых пунктаў па рэалізацыі навагодніх дрэў і іншай святочнай прадукцыі. Набыць дрэвы можна будзе і ў саміх лясніцтвах.

У прэс-службе зазначылі, што нарыхтоўкі навагодніх елак ажыццяўляюцца на спецыялізаваных плантацыях, а таксама з ліку дрэў, якія высякаюць па вытворчай неабходнасці — пры расчыстцы трас, прасек, палос адводу, ліній электраперадачы, на лесасеках галоўнага карыстання і падчас суцэльных санітарных высечак.

Некаторыя лясгасы падрыхтавалі для рэалізацыі навагоднія елкі ў кадках. На ёлачных базарах можна будзе набыць не толькі елкі, але і сосны, а таксама букеты з галін навагодніх дрэў.

Мінлясгас нагадвае, што самастойная высечка навагодніх дрэў без дазвольных дакументаў забаронена. Напярэдадні святаў будзе ўзмоцнена ахова лясоў. Дзяржаўная лясная ахова будзе рэгулярна праводзіць аператыўныя рэйдавыя мерапрыемствы па выяўленні і прыцягненні да адказнасці грамадзян, якія незаконна высякаюць навагоднія дрэвы. На аўтадарогах будзе выстаўлена больш як 300 кантрольных пастоў.

Згодна з арт. 15.22 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях незаконнае знішчэнне, у тым ліку незаконная высечка, або пашкоджанне драўняна-хмызняковай расліннасці ў лясах першай групы дзяржлесфонду (асабліва ахоўныя), а таксама драўняна-хмызняковай расліннасці, якая не ўваходзіць у дзяржаўны лясны фонд, цягнуць штраф ад 5 да 50 базавых велічыняў (ад 500 тыс. да 5 млн. рублёў). Тыя ж дзеянні, учыненыя ў астатніх лясах дзяржлесфонду, цягнуць штраф да 30 базавых велічыняў.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 4 снежня 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/210/18158
Текущая дата: 18.11.2024