Белорусский портал в Казахстане

Лукашэнка патрабуе ад чыноўнікаў "працаваць для нарошчвання экспарту"



На нарадзе 2 лістапада Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ад чыноўнікаў "запрагацца ў працу" і "грунтоўна араць для нарошчвання экспарту".

"Я неаднаразова ставіў задачу перад урадам, перад рэгіёнамі, перад пэўнымі кіраўнікамі аб тым, што ўсім не проста трэба выходзіць на знешнія рынкі, а энергічна бегчы, агрэсіўна прапіхвацца туды, заваёўваць усе новыя нішы, выкарыстоўваць для гэтага любы шанс", — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Эканоміка Беларусі — адкрытая, практычна ўсе яе галіны з`яўляюцца экспартна арыентаванымі, адзначыў Лукашэнка. "Таму дабрабыт нашай краіны залежыць шмат у чым ад дынамічнага нарошчвання паставак прадукцыі і паслуг на знешнія рынкі, ад дасягнення станоўчага гандлёвага сальда", — падкрэсліў ён.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ўжо не першае дзесяцігоддзе на ўсебеларускіх народных сходах сярод найважнейшых прыярытэтаў называецца экспарт. "І гэта не проста лозунг — гэта галоўны фактар паспяховага развіцця дзяржавы. Менавіта таму вырашэнне задач па нарошчванні экспарту, пашырэнні яго геаграфіі знаходзіцца ў цэнтры ўвагі. У гэтых пытаннях няма дробязяў, ніводная тэндэнцыя не павінна заставацца незаўважанай. Заўсёды трэба трымаць руку на пульсе", — заявіў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, пакуль прагнозны паказчык па тэмпах росту экспарту выконваецца: за восем месяцаў рост экспарту тавараў і паслуг склаў 22,5% пры прагнозе 11,6—12%. "Аднак мяне сёння больш цікавяць не агульныя паказчыкі, а рэльефная карціна таго, як і хто працуе на нарошчванні экспарту, ці ўсё рэзервы задзейнічаны" — дадаў Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў ад удзельнікаў нарады даць адказы на наступныя пытанні: хто паспяхова асвойвае знешнія рынкі, а "хто выязджае на чужых плячах"; у чым прычыны скарачэння вытворчасці і экспартных паставак, росту складскіх запасаў на прадпрыемствах Мінпрама, Беллегпрама; чаму "мінусуюць" арганізацыі Дзяржхарчпрама.

"Калі хтосьці стаміўся, вы ж разумееце, трэба сказаць пра гэта — заменім. Патрэбна дапамога? Калі яна патрэбна, таксама дапаможам. Але, падкрэсліваю, усім трэба даваць вынік", — сказаў Лукашэнка.

Другім важным пытаннем, адзначыў ён, з`яўляецца экспарт паслуг, асабліва будаўнічых і транспартных. Лукашэнка звярнуў увагу на праблему нарошчвання экспарту будаўнічых паслуг пры паскораных тэмпах нарошчвання імпарту гэтых жа паслуг. "Ставім задачы — нарасціць экспарт будаўнічых паслуг, і ён расце на 34,5%. Але пры гэтым падвоенымі тэмпамі нарошчваем імпарт, больш як у два разы. У выніку па будаўнічых паслугах маем адмоўнае сальда 170 мільёнаў долараў", — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама запатрабаваў устараніць яўныя недапрацоўкі ў экспарце транспартных паслуг. "У сённяшніх умовах, калі стварэнне Адзінай эканамічнай прасторы, здавалася б, павінна дазволіць дынамічна нарошчваць аб`ёмы гэтых паслуг, нашы транспартнікі ледзь плятуцца (прыкладна 3% прыросту). А гэта ж адна з самых важкіх пазіцый — больш за палову ўсяго экспарту паслуг. Рост тут павінен быць больш адчувальным", — заявіў ён.

Трэцяя праблема, на якую звярнуў увагу Лукашэнка, — гэта разлікі за пастаўленую прадукцыю і вяртанне валютнай выручкі ў краіну, паведамляе БелТА.

"У прынцыпе гэта галоўнае, для чаго мы тут і сабраліся. Вы можаце наогул нічога не прадаваць, але грошы вязіце ў краіну. А калі ўжо прадалі, то на 200% грошы павінны быць тут", — запатрабаваў Лукашэнка.

Разам з тым ён адзначыў станоўчую тэндэнцыю скарачэння пратэрмінаванай завінавачанасці цяпер у параўнанні з пачаткам бягучага года. "Мы па-ранейшаму крэдытуем расійскіх партнёраў. З улікам патэнцыялаў нашых банкаўскіх сістэм павінна быць з дакладнасцю наадварот. Прашу адказаць: чаму ў нас дагэтуль так адбываецца і якія меры ўжо прынятыя? Куды глядзяць адпаведныя органы?" — звярнуўся Лукашэнка да ўдзельнікаў нарады.

Ацэньваючы працу тавараправоднай сеткі за мяжой, ён адзначыў, што "менш як 10% беларускага экспарту рэалізуецца праз уласныя сеткі, але і гэтыя арганізацыі маюць нізкую фінансавую дысцыпліну, дзе адсутнічае разумная цэнавая палітыка".

Лукашэнка ўказаў на адсутнасць у экспарцёраў выразнай стратэгіі развіцця і прывёў у якасці прыкладу зборачную вытворчасць прадпрыемстваў Мінпрама: "То іх адкрываюць, то праз паўгода палову закрываюць. Гэта ўжо не гнуткасць гандлёвай палітыкі, а імітацыя бурнай дзейнасці".

Нярэдкія выпадкі продажу прадукцыі на знешнія рынкі ў абход уласных сетак, праз пасрэдніцкія схемы ва ўрон эканоміцы прадпрыемстваў, адзначыў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, Камітэт дзяржкантролю ўстанавіў факты, калі трактары МТЗ і запчасткі да іх пастаўляліся пасрэднікам па ўнутраных цэнах нібыта для рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі, але фактычна яны экспартаваліся ў Расію, Казахстан, іншыя краіны, толькі ўжо зусім па іншых цэнах. "Як мне паведамляюць, аб`ём такіх паставак за перыяд з мінулага года па жнівень гэтага склаў больш як 90 мільярдаў рублёў", — заявіў Лукашэнка.

"Складаецца ўражанне, што кіраўніцтва шэрагу нашых міністэрстваў і канцэрнаў знаходзіцца ў самазаспакоенасці, больш за тое — бестурботнасці, хаваючыся за станоўчымі агульнымі лічбамі, да дасягнення якіх яны не маюць ніякага дачынення. Гэта трэба спыніць. Усе павінны запрагацца ў працу і, як кажуць, араць грунтоўна", — запатрабаваў Лукашэнка.

БелаПАН
Мінск, 2 лістапада 2012

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/214/17285
Текущая дата: 18.11.2024