У Аршанскім раёне спажыўцам прапаноўвалі небяспечныя мучныя прысмакі, паведамілі ў Віцебскай абласной інспекцыі Дзяржстандарту.
Гаворка ідзе пра мучныя прысмаки пад назвай «Міні-падушка са смакам вішні». Прадукцыя вытворчасці расійскага ТАА «Анюта» прызнана небяспечнай з-за складу яе пладова-ягаднай начынкі. У ёй знайшлі недапушчальныя сінтэтычны фарбавальнік азарубін (Е122) і харчовую дабаўку кансерванта бензойнай кіслаты. Тавар не адпавядаў патрабаванням тэхнічных рэгламентаў Мытнага саюза па бяспецы і маркіроўцы. Як адзначылі ў інспекцыі, небяспечную прадукцыю спецыялісты знайшлі падчас праверкі гандлёвай фірмы ў аграгарадку Смальяны.
Дзяржстандарт забараніў увоз і абарот тавару на тэрыторыі Беларусі. Дзеянне дэкларацыі аб адпаведнасці, якая яго суправаджала, спынена. Пастаўшчыка абавязалі выключыць тавар з абароту.
Звязда, 25 сакавіка 2023
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/22/68799
Текущая дата: 23.12.2024