Белорусский портал в Казахстане

Кесадылья ці дранік? У Гродне пачаў працаваць калядна-навагодні кірмаш «Зімовы фэст»



Лакацыя на цэнтральнай гарадской плошчы адносна новая. Але за некалькі гадоў стала для гарадзенцаў і гасцей горада тым месцам, куды абавязкова трэба зазірнуць напярэдадні святаў

Па-першае, каб адчуць атмасферу надыходзячых Каляд і Новага года, па-другое, набыць штосьці незвычайнае ў якасці падарунка альбо асабіста для сябе. Напрыклад, аўтара гэтых радкоў зацікавілі арыгінальныя пернікі і свечкі з натуральнага воску. 

Трэба сказаць, што плошча Савецкая — традыцыйнае месца гродзенскіх фэстаў. Нездарма яна некалі называлася Рыначнай. Бойкае гэта месца і цяпер. Асабліва падчас вялікіх святаў, такіх як Вялікдзень і Каляды. Праўда, раней сваю прадукцыю прапанавалі гандлёвыя прадпрыемствы горада і вобласці. Зараз фармат змяніўся, стаў падобны да еўрапейскага фудкорта. Па словах адміністратара кірмашу Анастасіі, трансфармавалася і размяшчэнне павільёнаў. Арганізатары адмовіліся ад другога рада, які наведвальнікі папросту міналі. Таму сёлета павільёны размешчаны ў адну лінію з абодвух бакоў, у цэнтры — імправізаваныя сталы-бочкі. З`явілася некалькі новых удзельнікаў.

Гандлёвыя рады месцяцца ў прыгожа аформленых і ззяючых павільёнах, ежа гатуецца на месцы. Аб перавагах пакупнікоў Анастасія гаворыць так: «Людзі, мабыць, доўгі час не могуць выязджаць на шашлыкі, таму гэты прадукт карыстаецца попытам. Добра разыходзіцца ў такое надвор`е глінтвейн, і традыцыйна многія аддаюць перавагу бульбе фры, дранікам».

Упершыню тут прысутнічае мексіканская кухня. Прапануюць пакаштаваць бурыта з куранём ці ялавічынай або яго вегетарыянскі аналаг. Гатуюць кесадылью — традыцыйную мексіканскую закуску са складзенай тонкай ляпёшкі з начыннем. Можна таксама ацаніць смак мексіканскага супу. Кошт страў ад 6 да 12 рублёў.

Прапанаваныя тут і іншыя кухні. У меню аднаго з фудтрэкаў бульба па-бельгійску з каўбаскамі, нагетсамі, крэветкамі ці сырам. У залежнасці ад выбару цана вагаецца ад 11 да 16 рублёў, за 250 грамаў бульбы — 7 рублёў.

Гаспадыня аднаго з фудтрэкаў, Маша, прапануе чэшскія трдэльнікі. Гэта трубачка з дражджавога цеста з рознымі напаўняльнікамі. У Гродне раней такой выпечкі не было. Сярод дзяцей найбольш папулярная з крэмам нутэла. Ёсць ванільны крэм, узбітыя вяршкі. З напаўняльнікам каштуе 6,5—7 рублёў.

Адна з самых вялікіх лакацый належыць Гродзенскаму мясакамбінату. Гандлёвы павільён уяўляе сабой прыгожы драўляны вагон з зонай для перакусу. Модульнае кафэ абсталявана цеплавымі пушкамі. Тут можна даволі сытна падсілкавацца. Вось і цяпер на вялікай жароўні гатуецца порцыя барбекю. Кухар Артур кажа, што мясныя далікатэсы разыходзяцца добра, у трэндзе любімыя ўсімі шашлыкі. Таксама прапануюцца запечаныя рулькі, рабрынкі, каўбаскі і шкваркі. Тут гатовы карміць наведвальнікаў да позняга вечара, у святы вулічнае кафэ працуе да 21-22 гадзін. Артур наракае на надвор`е: «Толькі што быў мароз — на табе, другі дзень запар церусіць дробны дождж. Але мы ўсё роўна гатуем і вытрымліваем асартымент».

Што датычыцца кошту, ён даволі прымальны. Каўбаскі на грылі — 3,5 рубля, плоў і рабрынкі — па 4 рублі, сто грам шашлыку са свініны каштуе 6 рублёў, з курыцы — 5.

Усяго размешчана 10 аб`ектаў хуткага харчавання.

Каля павільёна з экзатычнымі чаямі і пернікамі невялікая чарга. Пакупніцы выбіраюць, удакладняюць, распытваюць аб якасцях і саставе тавару. Да наведвальнікаў гаспадар павільёна ставіцца вельмі ўважліва. Павел расказаў, што прыехаў са сваім таварам з расійскага Ніжняга Ноўгарада. Знакавай прадукцыяй лічыць пернікі, якія распісваюцца прафесійнымі мастакамі.

— Мы ездзім па ўсім свеце і на кірмашах прапануем сваю прадукцыю. Гродзенцы таксама вельмі актыўна набываюць нашы тавары, тым больш што пернікі з навагодняй і каляднай тэматыкай. Некаторыя вяртаюцца па іх некалькі разоў. Можна сабраць арыгінальныя падарункі, якія здольны парадаваць кожнага. На вітрыне ўжо засталося не так многа, чакаем машыну, якая падвязе чарговую партыю. Ідуць нарасхват, — паведаміў прадстаўнік расійскага гандлёвага прадпрыемства.

Як тут утрымацца і не набыць цудоўныя калядныя пернікі, якія, па словах Паўла, могуць захоўвацца некалькі месяцаў з-за іх прыродных кансервантаў — мёду, імбіру, карыцы. Думаю, што змагу парадаваць сваіх сямейнікаў падчас святаў. Кошт аднаго перніка ў сярэднім ад 6 да 8 рублёў. Але ёсць і таннейшыя.

Месца на кірмашы замовілі і пчаляры з Брэста. Пакуль гаспадыня размаўляе з пакупнікамі, стараюся вызначыць, што мяне цікавіць у гэтым мядовым царстве. Сапраўды, асартымент вялікі. Мёд з рознымі дабаўкамі — маліны, буякоў, журавін, імбіру, абляпіхі. Сфармаваны і гатовыя падарункі коштам ад 30 да 60 рублёў: мёд розных відаў, арэхі ў мёдзе, крэм-мёд, васковыя свечкі. «Вельмі карысны і смачны падарунак», — заўважае гаспадыня Зоя Аляксандраўна.

Спыняюся на вітых васковых свечках. Ёсць розныя формы і памеры — у выглядзе елачак, геаметрычных фігур, жывёл, анёлаў. Таксама трымаю ў памяці ідэю «мядовага» падарунка.

— Усе вырабы з нашай уласнай пасекі, — зазначае Зоя Аляксандраўна. — Гродна выбралі для ўдзелу ў кірмашы невыпадкова, тут жыве наша дачка і нам ёсць дзе спыніцца, бо кірмаш даволі працяглы па часе — ён доўжыцца амаль месяц.

Аматары слодычы не будуць расчараваныя. Асобны павільён прапануе даволі шырокі выбар берлінераў з розным начыннем. Аляксандр, які прадстаўляе вытворчае прадпрыемства, расказаў, што пякуць іх з чатырох гадзін раніцы. Гатуюць невялікімі порцыямі цягам дня. Такім чынам, у продаж увесь час паступае свежая партыя, якая падвозіцца па меры рэалізацыі. Усяго ў асартыменце прадпрыемства каля 60 розных відаў начыння. Можна ацаніць вішню з кіслінкай, банан пад шакаладам, а таксама новы від — яблык з карыцай і карамеллю. Пытаюся, наколькі папулярны сярод гродзенцаў гэты від пончыкаў.

— Калі мы некалькі гадоў таму прыйшлі ў Гродна з гэтай ідэяй, такі прадукт тут ужо быў. Але мы першыя, хто ўнеслі цэлы шэраг змяненняў. Напрыклад, дабаўляем розныя глазуры, што робіць пончык больш цікавым і смачнейшым, — адказвае Аляксандр.

За перакусам заспяваю валанцёра з Мінска Любоў Міхайленку. Яна расказала, што прыехала ў Гродна ў складзе дэлегацыі ў рамках дабрачыннай акцыі па зборы сродкаў для хворых дзетак. Перад вечарынай дзяўчына завітала на калядны кірмаш, каб падсілкавацца. Кажа, што вулічныя фудтрэкі вельмі выручаюць, калі не хапае часу. Прытым можна паабедаць якаснай гарачай ежай і пітвом.

Маці і дачка прыехалі з Гродзенскага раёна па падарункі і вырашылі адзначыць свае пакупкі кубачкам глінтвейну. Яго гатуюць на віне, піве і роме. Па словах суразмоўніц, глінтвейн ім спадабаўся, дапамог сагрэцца. Некаторыя забягаюць сюды, каб выпіць гарбаты ці кавы. Можна знайсці і гарачы шакалад. Кошт напіткаў ад 4 да 6 рублёў.

На «Зімовым фэсце» ў Гродне прадаюць сувенірную прадукцыю ручной работы. Напрыклад, упрыгажэнні, прадметы для дома, вязаныя і ёлачныя цацкі. Іх кошт ад 5 да 50 рублёў. Прыгожа аформлены калядны вянок каштуе 60 рублёў.

Ёсць тут і розныя забавы для дзяцей і дарослых. Можна пакатацца на каруселі, зайсці ў цір альбо заказаць паездку на поні за 10 рублёў.

«Зімовы фэст» прадоўжыцца да 8 студзеня з 15 гадзін да 23. Дарэчы, у навагоднюю ноч на плошчы Савецкай разгорнецца канцэртнае шоу. Фудтрэкі будуць працаваць з часу ночы да чатырох гадзін раніцы.

Аўтар: Маргарыта Ушкевіч
Звязда, 22 снежня 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/23/67567
Текущая дата: 03.10.2024