Белорусский портал в Казахстане

Урад скарэктаваў правілы гандлю на рынках



Урад Беларусі скарэктаваў правілы гандлю на рынках і іншыя пытанні рэалізацыі тавараў.

Гэта прадугледжана пастановай Савета Міністраў ад 30 снежня 2022 года нумар 964, што афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

У адпаведнасці з новымі правіламі вызначаны пералік забароненых да продажу на тэрыторыі рынку тавараў. Акрамя таго, карэктуюцца правілы камісійнага гандлю нехарчовымі таварамі ў частцы ажыццяўлення гандлю транспартнымі сродкамі. Таксама прадугледжаны правілы продажу асобных відаў тавараў і ажыццяўлення грамадскага харчавання.

У дакуменце ёсць палажэнні, якія датычацца выкладкі тавараў з адлюстраваннем дзяржаўных сімвалаў Беларусі. Цяпер іх выкладка павінна будзе праводзіцца асобна ад іншых тавараў і суправаджацца інфармацыйным надпісам "Дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь".

Акрамя таго, новыя правілы прадугледжваюць недапушчэнне выкладкі алкагольных напіткаў у месцы правядзення разлікаў з пакупнікамі, а таксама на (у) гандлёвым абсталяванні, што непасрэдна прылягае да яго. Гэта правіла не распаўсюджваецца на спецыялізаваныя і (або) фірменныя магазіны па продажы алкагольных напіткаў, магазіны бяспошліннага гандлю, магазіны і павільёны з гандлёвай плошчай 400 кв.м і меншыя, а таксама размешчаныя ў сельскай мясцовасці, аўтамагазіны і аб`екты грамадскага харчавання.

Дакумент уступае ў сілу з 22 студзеня 2023 года.

6 студзеня 2023, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/23/67842
Текущая дата: 03.10.2024