Белорусский портал в Казахстане

У Мінску ўпершыню пройдзе рэспубліканская канферэнцыя па праблемах абароны беларускіх брэндаў на знешніх рынках



У Мінску ў Нацыянальнай бібліятэцы 6 снежня пройдзе першая рэспубліканская канферэнцыя "Абарона брэндаў беларускіх вытворцаў на знешніх рынках", паведамілі арганізатары форуму, які пройдзе пад эгідай асацыяцыі "БелБрэнд" пры падтрымцы Мінэканомікі і Камітэта па навуцы і тэхналогіях.

У ім возьмуць удзел прадстаўнікі беларускіх дзелавых колаў, грамадскіх арганізацый і саюзаў, бізнесу, прадпрыемстваў-брэндаў, вучоныя, эксперты, спецыялісты ў сферы аховы інтэлектуальнай уласнасці.

Узяць удзел у канферэнцыі запрошаныя таксама прадстаўнікі Адміністрацыі прэзідэнта, урада, парламента, міністэрстваў і ведамстваў, Вярхоўнага суда, Дзяржаўнага мытнага камітэта, прававых цэнтраў.

Як зазначаюць арганізатары, форум закліканы аб`яднаць намаганні, скіраваныя на стварэнне некамерцыйнага партнёрства — садружнасці вытворцаў беларускіх таварных знакаў і фірменных найменняў.

Прадстаўнікі асацыяцыі "БелБрэнд" мяркуюць, што гэта аб`яднанне можа стаць "унікальнай стартавай пляцоўкай для кіраўнікоў прадпрыемстваў-вытворцаў у межах вырашэння прыярытэтных праблем у сферы экспарту беларускіх тавараў і паслуг, фарміравання клімату ўзаемнай павагі і даверу паміж вытворцамі гандлёвых марак (брэндаў) і іх дзелавымі партнёрамі, у тым ліку СМІ, заказчыкамі і спажыўцамі, у цэлым садзейнічаць стварэнню ў Беларусі і на знешніх рынках атмасферы добрасумленнай і энергічнай канкурэнцыі, а таксама абароны правоў на аб`екты інтэлектуальнай уласнасці".

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 4 снежня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/240/10955
Текущая дата: 09.05.2024