Белорусский портал в Казахстане

Еўра проста абваліўся, а долар нязначна падрос



У панядзелак на Беларускай валютна-фондавай біржы еўра з’явіўся на таргах пасля двухдзённага перапынку і паляцеў на мінімум амаль за чатыры тыдні.

Курс долара змяніўся крыху — вырас на 0,0107 BYN да 2,6162 BYN/USD і пакінуў мінімум за 25 дзён.

А вось курс еўра сёння абрынуўся адразу на 0,0653 BYN да 2,8347 BYN/EUR і апынуўся на мінімуме за 27 дзён. Варта звярнуць увагу, што гэта першыя ўдалыя таргі з еўра за апошнія тры гандлёвыя сесіі. Два папярэднія разы яны не адбыліся. Таму сённяшняе зніжэнне будзе правільней лічыць назапашвальным вынікам за тры дні.

Акрамя таго, біржавы курс еўра і афіцыйны курс Нацбанка Беларусі цяпер могуць значна адрознівацца.

Расійскі рубель на біржы ў Маскве крыху адыграў вячэрняе падзенне, якое адбылося ў мінулую пятніцу. Гэта ўтрымала долар ад значнага росту на біржы ў Мінску. Нагадаем, што ўвесь мінулы тыдзень долар хутка таннеў і па выніках тыдня абваліўся на 0,1259 BYN.

Курс расійскага рубля знізіўся на 0,0179 BYN да 3,8459 BYN/100 RUB да мінімуму за тыдзень.

Сяргей Куркач
Звязда, 16 студзеня 2023

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/25/67998
Текущая дата: 24.12.2024