Белорусский портал в Казахстане

Анатоль Рубінаў: Цяжкасці з валютай наша краіна пераадолее — не мы першыя, не мы апошнія



"Мы ўпершыню сутыкнуліся з сур`ёзным збоем у функцыянаванні нашай фінансавай сістэмы, найперш яго валютнага складніка", — заявіў старшыня Савета Рэспублікі Анатоль Рубінаў 30 чэрвеня, выступаючы з заключным словам на закрыцці 6-й сесіі.

"Ні пра які эканамічны крызіс, правал нашай сістэмы гаспадарання, тупіковы шлях і таму падобныя злавесныя высновы і прадраканні, якімі запалохваюць нашых грамадзян нядобразычліўцы ўсіх масцей на сваіх інтэрнэтаўскіх сайтах і ў іншых сродках масавай інфармацыі, гаварыць няма ніякіх падстаў. А цяжкасці з валютай наша краіна пераадолее. Не мы першыя, не мы апошнія", — заявіў Рубінаў.

Ён запэўніў, што ўрад валодае сітуацыяй і прымае ўсе неабходныя меры для ўрэгулявання валютнай праблемы.

"Галоўнае сёння — гэта кансалідацыя сіл, згуртаванасць нашага грамадства і імкненне зберагчы тую неацэнную заваёву, якую беларускі народ здабыў упершыню за сваю гісторыю: незалежнасць і суверэнітэт сваёй краіны", — сказаў спікер.

Рубінаў выказаў перакананне, што "нікому не ўдасца расхістаць сітуацыю ў краіне".

На апошнім пасяджэнні 6-й сесіі верхняя палата парламента ратыфікавала Дагавор дзяржаў — удзельніц СНД аб міждзяржаўным вышуку асоб.

Старшыня пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Савета Рэспублікі Ніна Мазай так пракаментавала значэнне гэтага дакумента: "Гэты дагавор ідзе ў рэчышчы нашага руху да стварэння ўсёабдымнай сістэмы ўзаемадзеяння дзяржаў — удзельніц СНД і дазволіць упаўнаважаным органам весці працу па вышуку тых, хто знаходзіцца па-за полем зроку праваахоўных органаў у сувязі з учыненымі злачынствамі і правапарушэннямі. Асоб, якія загінулі без вестак, тых, каго мы павінны, паводле рашэнняў судоў, прыцягнуць да адказнасці на тэрыторыі іншых дзяржаў".

БелаПАН
30 чэрвеня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/270/7616
Текущая дата: 28.12.2024