Белорусский портал в Казахстане

Мясніковіч прапанаваў Багданкевічу супрацоўніцтва



Прэм`ер-міністр Міхаіл Мясніковіч абмеркаваў з былым кіраўніком Нацбанка Станіславам Багданкевічам сітуацыю ў эканоміцы і магчымыя крокі выхаду з крызісу.

Як паведаміў Багданкевіч 1 чэрвеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску, сустрэча адбылася ў панядзелак, 30 мая, па ініцыятыве Мясніковіча.

"Гэта была асабістая сустрэча двух былых калег. Мы з ім разам працавалі ў першыя гады незалежнасці Беларусі, разам спрабавалі ажыццяўляць першаснае рэфармаванне эканомікі і разам забяспечвалі ўступленне краіны ў МВФ і ЕБРР", — сказаў экс-кіраўнік Нацбанка.

Багданкевіч зазначыў, што кіраўнік урада хацеў пачуць новыя ідэі і магчымыя крокі па выхадзе з валютнага крызісу. "Прэм`ер-міністр прапанаваў мне нефармальнае супрацоўніцтва, якое заключаецца ў перыядычнай ацэнцы майго бачання таго, што адбываецца ў эканоміцы", — сказаў ён.

Паводле слоў экс-кіраўніка Нацбанка, Мясніковіч прапанаваў яму разгледзець магчымасць уключэння ў штат Нацыянальнай акадэміі навук, каб яго экспертная праца была аплачвалася, аднак Багданкевіч, паводле яго слоў, адмовіўся ад гэтай прапановы і заявіў, што ёсць "больш маладыя эксперты, якія ацэньваюць сітуацыю гэтак жа, як і я". У прыватнасці, таленавітыя людзі ёсць у апараце Нацбанка, праблема якіх у тым, што яны знаходзяцца "не на тых месцах, дзе прымаюцца рашэнні".

Былы галоўны банкір краіны перадаў Мясніковічу праект Антыкрызіснай праграмы, распрацаваны экспертнай супольнасцю пад кіраўніцтвам самога Багданкевіча. Паводле яго слоў, канчатковы варыянт праграмы будзе адпраўлены на гэтым тыдні ва ўрад, Нацбанк і афіцыйныя прафсаюзы.

Прафесар Багданкевіч таксама назваў шэраг ключавых крокаў па выхадзе з крызісу, у прыватнасці, на яго думку, неабходна правесці пашыраную сесію на Беларускай валютна-фондавай біржы. "Трэба сцягнуць усе заяўкі, усе прапановы і вызначыць раўнаважны рыначны курс, далей — забяспечыць абменныя пункты валютай. Усё павінна запрацаваць", — сказаў экс-кіраўнік Нацбанка.

Паводле яго слоў, адміністрацыйна ўстаноўлены курс патрабуе падсілкоўвання з валютных рэзерваў. "Але такіх рэзерваў у нас няма", — падкрэсліў ён. Былы кіраўнік Нацбанка не выключае, што пасля правядзення свабодных таргоў валютай на біржы курс можа ўстанавіцца вышэйшы за цяперашні, але паступова ён збалансуецца.

Разам з тым, зазначыў Багданкевіч, пэўныя праблемы ўзнікнуць з набыццём сыравіны і камплектуючых у сувязі з ростам затрат на іх. "Таму другі крок — нам трэба звярнуцца да МВФ з просьбай аб выдзяленні крэдыту ў памеры не менш  як 8 млрд. долараў ЗША. Дэфіцыт гандлёвага балансу меншы не будзе", — сказаў ён.

Багданкевіч падтрымаў планы ўрада прыцягнуць сёлета 6,5 млрд. долараў прамых інвестыцый, але для атрымання крэдыту ад МВФ і прыцягнення інвестыцый неабходная палітычная лібералізацыя.

У прыватнасці, Багданкевіч указаў на неабходнасць спынення палітычных рэпрэсій і ўціску на незалежныя СМІ, аднак, паводле яго слоў, дакладнага адказу на гэту заяву ад прэм`ер-міністра не было. "Я думаю, гэтыя пытанні наўпрост не ў яго кампетэнцыі", — мяркуе экс-глава Нацбанка.

Станіславу Багданкевічу 74 гады. Ён узначальваў Нацыянальны банк Беларусі з 1991 па верасень 1995 года. Быў вызвалены ад пасады ўказам прэзідэнта з фармулёўкай "па ўласным жаданні".

Андрэй Кажамякін, БелаПАН
Мінск, 1 чэрвеня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/273/6858
Текущая дата: 20.11.2024