Белорусский портал в Казахстане

"Сёння мы ўжо не займаемся развіццём бізнэсу, мы яго ратуем..."



З-за валютнага крызісу ў Беларусі амаль усе прадпрыемствы адчуваюць тыя ці іншыя цяжкасці ў працы. Асабліва гэта адбілася на прадпрыемствах-імпарцёрах, уся дзейнасць якіх завязана на валюце.

Уладзімір Фамін, дырэктар ТДА "ГідраТэхСэрвіс", віцэ-старшыня Мінскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў, расказаў журналістам пра тое, як яго прадпрыемства спрабуе выжыць і захаваць працоўныя месцы:

— Мы працуем на рынку ужо 15 гадоў, маем штат з 69 чалавек. Прычым працуем у рэальным сектары — прадаём запчасткі для тэхнікі, робім сэрвісныя праграмы, маем невялікую вытворчасць, якую хацелі далей развіваць... За сваё 15 гадоў дзейнасці мы падышлі да таго моманту, каб інвеставаць у далейшае развіццё: прыкінулі праект, мелі планы па будаўніцтве, шукалі зямлю, — сказаў Уладзімір Фамін і дадаў, што зараз гэтыя планы адкладзены.

— Мы на даверы нашых партнёраў пастаўлялі ў краіну прадукцыю, якая выкарыстоўвалася ў машынабудаванні. Штомесяц нашае прадпрыемства атрымлівала таварных крэдытаў на суму каля 300 тысяч долараў, якія ішлі ў нашу эканоміку. З-за рэзкіх зменаў правілаў гульні мы страцілі магчымасць купіць на біржы валюту, а гэта прывяло да таго, што сёння мы ўжо не займаемся развіццём бізнэсу, мы займаемся яго ратаваннем — шукаем варыянты, як разлічыцца з нашымі пастаўшчыкамі (а геаграфія нашых партнёраў шырокая — Данія, Чэхія, Польшча, Італія, Расія, Украіна). Таму ў бліжэйшай перспектыве ні пра якое будаўніцтва і атрыманне зямельнага ўчастка гаворка наогул не ідзе...

Уладзімір Анатольевіч кажа, што такім чынам не толькі спынілася развіццё беларускіх бізнэсменаў, але стварыліся перашкоды для інвестараў:

— З аднаго боку мы кажам, што хочам атрымаць нейкія інвестыцыі і прыцягнуць інвестараў. Але якраз-такі нашы партнёры і хацелі быць інвестарамі — яны гатовыя былі прынесці сюды грошы, тэхналогіі, абсталяванне і разам з намі нешта будаваць. А на сёння я не магу выканаць умовы кантрактаў, зрываюцца тэрміны...

Тым не менш, Уладзімір Фамін перакананы, што з крызісу яго бізнэс выкараскаецца, але час для развіцця будзе страчаны:

— Досвед у нас ужо ёсць: у 1998 годзе мы каля года з адной італьянскай кампаніяй выходзілі з крызісу — людзі нам паверылі і мы з яго выйшлі. У гэты раз мы таксама выйдзем, але гэты час мог быць выкарыстаны для таго, каб развіваць бізнэс, а не выкарасквацца з гэтай сітуацыі, — сказаў дырэктар ТДА "ГідраТэхСэрвіс".

Ён жа расказаў гісторыю пра тое, што быў вымушаны паехаць ва Украіну і спрабаваць заняцца экспартам (хоць ён імпарцёр!), паглядзеў, як там жывуць людзі і зрабіў выснову, што ў нас, безумоўна, і дарогі лепшыя, і дамы здаюцца цэлымі кварталамі, і будуюцца спартыўныя збудаванні, але і ўнутраны змест павінен адпавядаць знешняму выгляду:

— Мы ўсе хочам жыць у нармальнай краіне. Крызісы бываюць ва ўсіх, але што мы зараз ратуем — статыстычныя паказчыкі? Ці бізнэс? Многія з тых дзеянняў, якія зараз рабіліся, толькі пагаршаюць сітуацыю. Колькі было зваротаў асацыяцый і саюзаў, але, напэўна, рэальна да канца іх ніхто не пачуў. Зараз трэба перайсці да рэальнага дыялогу, супрацоўніцтва паміж уладай і бізнэсам, сказаць адно аднаму праўду пра сітуацыю, у якой мы сёння апынуліся, і разам неяк шукаць выйсце з гэтага становішча. Мы ў аснове сваёй павінны пабудаваць такія ўмовы для працы, каб адсутнічаў страх, каб прадпрымальнікі свабодна тварылі і праяўлялі сваю прадпрымальніцкую ініцыятыву. Бо ўсе гэтыя гады ў мяне такое адчуванне, што ты пастаянна знаходзішся пад прэсінгам нейкіх штрафаў, нейкіх законаў, калі за любую дробязь цябе могуць пакараць. У 1994 годзе, калі ў нас была праверка, мы прыйшлі падпісваць акт, а ў кабінеце падатковы інспектар пытае: "Колькі вам далі штрафу? Мала, я вам бы ў 10 разоў болей укаціла!". Я пытаю: а што вы супраць нас маеце? "А нічога, вы, прадпрымальнікі і такія, і сякія..." І такое адчуванне, што за гэты час мала што змянілася. А хацелася б перайсці да такога варыянта, што калі ты сам можаш сабе зарабіць і нічога ў дзяржавы не просіш — то каб гэта цанілася, а калі ты яшчэ ствараеш працоўныя месцы — то цанілася ўдвая, — сказаў Уладзімір Фамін.

Павел Бераснеў
Звязда, 28 траўня 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/274/6781
Текущая дата: 20.11.2024