Белорусский портал в Казахстане

Намеснік міністра эканомікі абяцае не ўводзіць дзяржманаполію на імпарт спажывецкіх тавараў



Дзяржаўная манаполія на імпарт спажывецкіх тавараў уводзіцца не будзе, заявіў 24 мая на брыфінгу ў Мінску намеснік міністра эканомікі Беларусі Андрэй Тур.

Разам з тым, адзначыў ён, будуць прымацца меры антыманапольнага рэгулявання, якім "будзе надавацца сур`ёзная ўвага".

Акрамя таго, паводле слоў Тура, будуць вырашацца пытанні, звязаныя "са спекулятыўнымі цэнамі на шэраг тавараў па змове аптовых пастаўшчыкоў". "Многія суб`екты гаспадарання, пастаянна адчуваючы нагнятанне цэнавага ўсплёску, не пастаўляюць у гандлёвую сетку некаторыя віды тавараў. Спекулятыўны момант назіраецца з-за рознасці курсаў і дыспрапорцыі цэн у суседніх краінах", — заявіў намеснік міністра.

Тур лічыць, што падстаў для ажыятажнага попыту на некаторыя тавары няма. Тавараў, сцвярджае ён, хапае — запасы ў аптовай сетцы перавышаюць нарматыўныя.

Інфармацыю аб тым, што ў Беларусі чакаецца ўвядзенне манаполіі дзяржавы на спажывецкі імпарт, распаўсюдзілі сёння некаторыя СМІ са спасылкай на ананімную крыніцу ва ўрадзе. Паведамлялася таксама пра існаванне адпаведнага спісу імпарцёраў, у які "ўключаныя дзяржаўныя аптовыя базы і аптавікі з доляй дзяржавы".

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 24 мая 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/275/6689
Текущая дата: 20.11.2024