Белорусский портал в Казахстане

Аператыўнікі Віцебска затрымалі закладчыцу псіхатропаў



У Віцебску за распаўсюджванне наркотыкаў затрымалі 28-гадовую жыхарку Гродзенскай вобласці, паведамілі ва УУС Віцебскага аблвыканкама.

Жанчыну затрымалі падчас сумеснай аперацыі аператыўнікі наркакантролю Кастрычніцкага РАУС Віцебска і УУС. У той момант яна рабіла чарговую схованку асабліва небяспечнага псіхатропу — мефедрона. У жыхаркі Ліды канфіскавалі каля 30 г рэчыва.

Праваахоўнікі ўстанавілі, што закладчыца ўладкавалася ў інтэрнэт-краму па продажы наркотыкаў у сваім родным горадзе. Больш за месяц яна фасавала незаконны тавар і фармавала схованкі ў паказаных куратарам месцах. Па заданні жанчына прыехала і ў Віцебск, дзе была ўзятая з доказамі злачынства.

Вядома, што непрацуючая жыхарка Ліды раней ужо была судзімая. Цяпер яна стала фігуранткай крымінальнай справы за незаконнае абарачэнне наркотыкаў з мэтай збыту. Закладчыцы пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі.

Звязда, 27 ліпеня 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/28/65945
Текущая дата: 03.10.2024