Белорусский портал в Казахстане

Малака на ўнутраным рынку дастаткова, але ёсць складанасці з тэтрапакам з-за санкцый



Аб гэтым заявіў 4-га жніўня намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Вадзім Шагойка.

Ён падкрэсліў, што ўнутраны рынак забяспечаны малаком. "У краіне вельмі высокі ўзровень развіцця малочнай жывёлагадоўлі. Пры вытворчасці ў мінулым годзе 7,8 млн т малака мы спажываем каля 3 млн т, астатняе экспартуецца. У бягучым годзе ў нас прадаўжаецца тэндэнцыя да нарошчвання аб`ёмаў вытворчасці. Малако адпраўляецца на перапрацоўку, мы вырабляем шырокі асартымент сыроў, масла, натуральнамалочнай прадукцыі. Забяспечваем патрэбнасці нашага насельніцтва на 100 працэнтаў, гэта першарадная задача", - падкрэсліў Вадзім Шагойка.

Паводле яго слоў, каб пазбегнуць перабояў з малочнай прадукцыяй на ўнутраным рынку, Мінсельгасхарч сумесна з МАРГ, аблвыканкамамі і Мінгарвыканкамам праводзяць мэтанакіраваную работу. Вызначаны патрэбнасці абласцей і Мінска ў натуральнамалочнай прадукцыі, устаноўлены строгі графік паставак, кантралюецца яго выкананне.

Каментуючы чуткі аб недахопе малака ў магазінах, намеснік міністра сказаў: "Неабходна адзначыць пэўнае звужэнне асартыменту малочнай прадукцыі, звязанае з упакоўкай. Ёсць пэўныя складанасці з тэтрапакам, але гэта пытанне вырашаецца. Нашы вытворцы шукаюць іншыя рынкі пастаўкі названай упакоўкі, прапрацоўваецца супрацоўніцтва з вытворцамі Кітая і іншых дружалюбных краін. Цяпер завезены ўжо партыі для выпрабаванняў для замены названай упакоўкі, каб вярнуць прывычны людзям асартымент, які быў да санкцый. А пакуль, каб не было змяншэння аб`ёмаў, беларускія вытворцы актыўна пераарыентаваліся на вытворчасць малака ў ПЭТ-бутэльцы, у плёнцы".

4 жніўня 2022, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/28/66001
Текущая дата: 03.10.2024