Белорусский портал в Казахстане

Тры кіты айчыннай эканомікі: энергаэфектыўнасць, клімат, лічбавізацыя



Росквіт інавацыйных тэхналогій, у тым ліку ў сферы энерга- і рэсурсазберажэння, зрабіў сёлета самай папулярнай намінацыю «Энергаэфектыўная тэхналогія года», дзе пераможцам уручылі ажно 22 ўзнагароды.

Яны імкнуцца зрабіць больш за іншых, каб свет быў устойлівым у расходаванні рэсурсаў, а асяроддзе — бяспечным. Так арганізатары рэспубліканскага конкурсу «Лідар энергаэфектыўнасці» характарызуюць удзельнікаў. Сёлета мерапрыемства праходзіла восьмы раз і сабрала неверагодную колькасць прыхильнікаў, а таксама займела новую традыцыю і асаблівую галіновую намінацыю.

Энергаэфектыўнасць, клімат, лічбавізацыя — базавыя кіты, на якіх трымаецца і будзе трымацца ўся наша эканоміка, падкрэсліла Вольга Пруднікава, намеснік міністра энергетыкі, уручаючы ўзнагароды пераможцам традыцыйнай конкурснай намінацыі «Энергаэфектыўны прадукт года»:

— Пытанні, звязаныя з кліматычнай тэмай, былі, застаюцца і будуць вельмі важнымі. На Зямлі не існуе такога месца, дзе можна было б схавацца ад найгоршых наступстваў кліматычных змен. Калі мы не будзем вырашаць пытанні энергазберажэння — наша эканоміка не будзе канкурэнтаздольнай. Калі мы не будзем укараняць лічбавыя тэхналогіі, то не будзем у трэндзе, не зможам кіраваць вытворчасцямі, адсочваць рух энергетычных патокаў. А выкарыстоўванне гэтых трох складнікаў дае сёння магчымасць прасоўваць самыя неверагодныя ідэі, ажыццяўляць іх і ўкараняць у вытворчасць.

— Вялікі сэнс конкурсу не толькі ў тым, што ствараюцца і ўкараняюцца новыя здабыткі, але яшчэ і ў тым, што ідзе ўзаемны абмен вопытам у розных сферах эканомікі, што паслужыць для развіцця краіны ў цэлым, — заўважыў падчас узнагароджання пераможцаў намінацыі Вадзім Кіцікаў, дырэктар інстытута жыллёва-камунальнай гаспадаркі НАН Беларусі.

Конкурс — добрая пляцоўка, дзе можна павучыцца і пераняць вопыт энергаэфектыўнасці і энергазберажэння, каб зменшыць сабекошт сваёй прадукцыі і назаўжды замацавацца на рынках, куды Беларусь сёння пастаўляе сваю прадукцыю, падкрэсліў Уладзімір Гракун, намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання, узнагароджваючы пераможцаў намінацыі «Энергаэфектыўныя будынкі і збудаванні, якія ўведзены ў эксплуатацыю»:

— Незалежна ад санкцый мы пастаўляем прадукцыю ў больш як 100 краін, і яе паўсюль пазнаюць, чакаюць, яна пацвярджае сваю якасць, то-бок, беларуская прадукцыя — гэта і ёсць якасць.

Сёлета аргкамітэт у знак удзячнасці вырашыў уганараваць «серыйных» пераможцаў, якія вядуць планамерную працу па ўсіх напрамках, што адзначана ва ўсіх намінацыях. То-бок, калі нехта ўкараніў адзін-два праекты, то некаторыя на восьмы год конкурсу ўжо пераадолелі бар`ер у дзясятак узнагарод. Такім кампаніям вырашана прысуджаць залаты статус «Лідар энергаэфектыўнасці Рэспублікі Беларусь». Сёлета асаблівую падзяку атрымалі «Мінгаз» (18 перамог), «Віцебскаблгаз» (13) і «Мінскаблгаз» (11).

У якасці эксперымента арганізатары ўвялі таксама новую галіновую намінацыю, якая для ўсіх удзельнікаў гучыць аднолькава, — «Найлепшая кампанія года». Вызначаючы пераможцаў, журы арыентаваліся на эканамічную эфектыўнасць рашэнняў, запатрабаванасць іх з боку спажыўцоў і магчымасць маштабавання вопыту. Сёлета найлепшымі ў намінацыі сталі шэсць кампаній.

Аўтар: Ірына Сідарок
Звязда, 11 лістапада 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/28/67057
Текущая дата: 24.12.2024