Белорусский портал в Казахстане

На таргах Беларускай валютна-фондавай біржы (БВФБ) другі дзень запар зафіксаваны нулявы попыт на долары ЗША.



Як паведамілі БелаПАН у Нацыянальным банку, які з`яўляецца заснавальнікам БВФБ, такія вынікі тлумачацца тым, што з 16 сакавіка замаўляць валюту на біржы банкам трэба за 30 дзён да куплі. Раней біржа прадавала валюту на наступны дзень пасля заяўкі.

Такім чынам, да 16 красавіка на біржы будуць ажыццяўляцца толькі валютныя аперацыі, замоўленыя да 15 сакавіка ўключна.

Аднак пры гэтым экспарцёры па-ранейшаму абавязаны прадаваць на біржавых таргах 30% валютнай выручкі.

Паводле звестак БВФБ, згодна з вынікамі біржавых таргоў, што прайшлі 17 сакавіка, курс долара ЗША не змяніўся і складае 3.020 рублёў. У таргах доларам бралі ўдзел 19 банкаў. Аб`ём таргоў склаў 7 млн. 617 тыс. долараў (попыт — 0 млн. 0 тыс., прапанова — 7 млн. 617 тыс.).

У таргах расійскім рублём бралі ўдзел 26 банкаў. Курс знізіўся на 0,31 рубля і склаў 105,07 рубля. Аб`ём таргоў склаў 364 млн. 133 тыс. расійскіх рублёў. Пры гэтым попыт таксама зафіксаваны нулявым, а прапанова — 364 млн. 133 тыс.

У таргах еўра бралі ўдзел 20 банкаў. Аб`ём таргоў склаў 6 млн. 26 тыс. еўра (попыт — 6 млн. 200 тыс., прапанова — 6 млн. 26 тыс.), а курс узрос на 1 рубель і склаў 4.219 рублёў.

У адносінах да валютнага кошыка (долар ЗША, еўра, расійскі рубель) беларускі рубель умацаваўся на 0,09% у параўнанні з папярэднім значэннем: кошт кошыка склаў 1.102,17 рубля.

З пачатку года курс беларускага рубля да валютнага кошыка знізіўся на 4,50%, да долара — на 0,67%, да расійскага рубля — на 6,74%, да еўра — на 6,22%.

На 2011 год калідор ваганняў курсу беларускага рубля ў адносінах да кошыка валют устаноўлены ў межах плюс/мінус 8%.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 17 сакавіка 2011


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/283/5170
Текущая дата: 20.11.2024