Белорусский портал в Казахстане

"Белавія" пераходзіць на летні расклад палётаў



Нацыянальная авіякампанія "Белавія" 27 сакавіка пераходзіць на летні графік палётаў, паведамілі ў авіякампаніі.

"З 27 сакавіка па 29 кастрычніка паветраныя судны нацыянальнага авіяперавозчыка будуць лятаць па летнім раскладзе, - праінфармавалі ў авіякампаніі. - У новай версіі карты палётаў з`явілася некалькі новых напрамкаў, таму планаваць адпачынак пасажырам кампаніі ў гэтым годзе будзе значна прасцей".

Так, у першы дзень чэрвеня адкрыецца рэгулярная лінія Мінск-Хельсінкі-Мінск. На новым рэйсе, які будзе выконвацца тры разы ў тыдзень, будуць эксплуатавацца самалёты CRJ - 100/200, якія даюць магчымасць перавозіць да 50 пасажыраў з абслугоўваннем па бізнес- і эканомкласах. Купіць авіябілеты на гэты рэйс можна ўжо цяпер. Мінімальны тарыф у абодва бакі складае 199 еўра (аэрапортавыя таксы спаганяюцца дадаткова). "У аэрапорце Мінска новы напрамак будзе састыкаваны з маршрутамі авіякампаніі "Белавія" ў Екацярынбург, Ерэван, Маскву і Тбілісі, што дасць магчымасць прыцягнуць новыя транзітныя патокі праз Мінск, - дадалі спецыялісты. - Прапрацоўваецца пытанне аб арганізацыі транзітных перавозак праз Хельсінкі ў аэрапорты Скандынавіі, Паўднёва-Усходняй Азіі, Паўночнай Амерыкі".

Пасля адкрыцця рэйса Мінск-Хельсінкі маршрутная сетка "Белавія" ў летнім сезоне 2011 года будзе налічваць 37 гарадоў 22 краін Еўразіі.

З 10 чэрвеня карта палётаў авіякампаніі папоўніцца яшчэ адным новым напрамкам - Брэст-Калінінград. Пасажыры "Белавія" атрымаюць магчымасць адправіцца ў Калінінград, не выкарыстоўваючы транзітную візу.

Традыцыйна ў летні расклад авіякампаніі ўвойдуць рэйсы ў Гановер, Манчэстэр, Сочы, а таксама транзітная лінія Германія-Казахстан (Астана, Кастанай, Паўладар і новы напрамак Караганда) са стыкоўкай ў Нацыянальным аэрапорце Мінск.

У летнім раскладзе захаваецца і напрамак Мінск-Ашхабад-Мінск, які адкрыўся ў снежні. Акрамя таго, у гэтым летнім сезоне адновяцца палёты ў Сімферопаль, якія авіякампанія не выконвала на працягу некалькіх апошніх гадоў. Першы рэйс адбудзецца 17 чэрвеня, у далейшым палёты будць выконвацца кожныя аўторак і пятніцу да 20 верасня.

Больш магчымасцей планаваць сваё падарожжа як прамымі, так і транзітнымі рэйсамі "Белавія" прадастаўляе сваім пасажырам дзякуючы павелічэнню частаты палётаў па ўжо існуючых напрамках: у Баку, Батумі, Варшаву, Калінінград, Ларнаку, Парыж, Прагу, Санкт-Пецярбург, Стакгольм, Тэгеран, Тель-Авіў, Франкфурт.

БЕЛТА
24 сакавіка 2011

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/283/5362
Текущая дата: 26.12.2024