Белорусский портал в Казахстане

"Паляванне" на танныя кватэры працягваецца




Традыцыйна на другасным рынку жыллёвай нерухомасці Беларусі першыя два месяцы новага года лічыліся мёртвым сезонам, калі масавы патэнцыяльны пакупнік пачынаў сапраўды "варушыцца" толькі бліжэй да сакавіка. Так было раней. Пра сітуацыю, якая сёння назіраецца ў жыллёвай сферы сталіцы, карэспандэнту "Звязды" паведаміў кіраўнік агенцтва "БелЦТН", старшыня савета Беларускай асацыяцыі "Нерухомасць" Мікалай Прасталупаў.

Прапанова скарацілася амаль удвая

Паводле інфармацыі Мікалая Паўлавіча, сёлета на жыллёвым рынку сталіцы назіраецца зусім іншая і нечаканая тэндэнцыя, калі пакупнікі толькі крыху знізілі снежаньскі ажыятаж, аднак і ў студзені, і ў лютым актыўна праглядалі і набывалі кватэры. Разам з тым, менавіта сёлета на рынку істотна зменшылася колькасць прадаўцоў. Так, па стане на пачатак мінулага года, у рэкламных праспектах на продаж існавала каля 10 тысяч розных варыянтаў кватэр. У лютым у інфармацыйным каталогу засталося ўжо каля 6,5 тысячы кватэр. Больш за тое, у гэтым спісе сёння прысутнічае каля 3 тысяч кватэр, якія прапануюцца кліентам па заведама завышаным кошце. Рэальна такое жыллё на другасным рынку ніякага надвор`я не робіць, бо гэтымі варыянтамі кліенты нават не цікавяцца. Куды так рэзка знікла вялікая колькасць прадаўцоў? Што стала з іх кватэрамі?

На самай справе на жыллёвым рынку сталіцы каля 80 працэнтаў прадаўцоў з`яўляюцца і патэнцыяльнымі пакупнікамі кватэр. Нехта спрабуе пераехаць у лепшы мікрараён горада, іншыя вырашаюць набыць сабе большую па плошчы кватэру. Каб здзейсніць такі абмен, неабходна прадаць сваю старую кватэру і адшукаць добрыя грошы для даплаты. У апошнія месяцы менавіта такая катэгорыя прадаўцоў—пакупнікоў сыходзіць з рынку, бо разумее, што палепшыць свае жыллёвыя ўмовы ім сёння не па кішэні. Жыццё даражэе, былыя даходы пад пытаннем, а камуналку пачынаюць адпускаць...

Новыя пакупнікі скупляюць таннае жыллё

Летась штомесяц у сярэднім у Мінску прадавалася 400—500 кватэр. Сёлета ў студзені было зарэгістравана каля 600 здзелак, у лютым — ужо 480. Наш эксперт адзначае, што цяпер на рынку актыўнічаюць так званыя новыя пакупнікі, якія "палююць" выключна на кампактныя і танныя кватэры. А вось апошніх цяпер стала значна менш. Мабыць, таму сёння сталі больш прапаноўвацца на продаж асобныя пакоі ў звычайных шматпакаёвых кватэрах. Мінімальны кошт такога жылля складае ад 14 да 20 тысяч долараў. Большыя па плошчы і лепшыя па якасці пакоі каштуюць часам ад 25 да 40 тысяч долараў.

На сталічным рынку цяпер засталося ўсяго каля дзесяці кватэр па мінімальным кошце да 39—43 тысяч долараў. Гэта зусім "слабенькія" па якасці "хрушчоўкі" на крайніх паверхах старых пяціпавярховых дамоў, агульная плошча якіх складае да 33 квадратных метраў.

Нягледзячы на тое, што сярэдні кошт прапановы квадратнага метра цяпер нават павялічваецца, што звязана з вымываннем танных кватэр, аднак рэальныя пакупнікі разглядаюць толькі тыя варыянты аднапакаёвых кватэр, якія каштуюць да 50—55 тысяч долараў. Даражэйшыя аднапакаёўкі рызыкуюць трапіць увогуле ў ранг "непатрэбнага" жылля.

Пачалі знікаць "слабыя" двухпакаёўкі

Сапраўды танных двухпакаёвых кватэр на другасным рынку сталіцы крыху больш. Аднак сёння двушкі коштам да 50 тысяч долараў таксама сталі экзотыкай. Цяпер маленькія двухпакаёвыя "хрушчоўкі" агульнай плошчай да 46 квадратных метраў каштуюць ад 48 да 53 тысяч долараў. Крыху большыя па плошчы двухпакаёвыя кватэры (46—53 кв. м) у дзевяціпавярховых дамах ці ў ліквідным мікрараёне каштуюць ад 55 да 65 тысяч долараў. Двухпакаёўкі коштам ад 70 да 80 тысяч долараў павінны мець агульную плошчу мінімум 64—67 "квадратаў" і прапіску ў сучасным доме "смачнага" мікрараёна.

Мацней за ўсё таннеюць вялікія шматпакаёўкі

Сёння аднапакаёвая кватэра можа быць сапраўды прададзена толькі ў тым выпадку, калі квадратны метр у ёй каштуе да 1300—1350 долараў. Рэальны кошт продажу двухпакаёвых кватэр складае ў межах 1200—1250 долараў за квадратны метр. Акрамя гэтага, на кватэрах у далёкіх раёнах пакупнік будзе патрабаваць дадатковую зніжку ў межах не менш як 5—10 працэнтаў. Кошт "квадрата" трохпакаёвых кватэр часам падае да 1100—1150 долараў. Мацней за ўсё сёлета патаннелі чатырохпакаёвыя кватэры ў старых дамах. Тут падчас таргоў уласнікі такога экзатычнага жылля (маленькая кухня, сумежныя пакоі) могуць прапанаваць зніжкі ў памеры да 6—8 тысяч долараў. У выніку часам кошт квадратнага метра агульнай плошчы шматпакаёвых кватэр падае да тысячы долараў і нават ніжэй. Цяпер мінімальны кошт прапановы трохпакаёвых кватэр складае ад 53 да 60 тысяч долараў, гэта пры тым, што агульная плошча такіх кватэр вагаецца ад 57 да 66 квадратных метраў. Мінімальны кошт чатырохпакаёвых кватэр упэўнена трымаецца на ўзроўні ад 60 да 75 тысяч долараў нават па такім жыллі, агульная плошча якога дасягае 73—80 квадратных метраў.

У сакавіку—маі —традыцыйнае ажыўленне, а летам — мёртвы сезон і патанненне

Мікалай Прасталупаў спадзяецца, што ўжо ў сакавіку—красавіку сталічным рынкам жыллёвай нерухомасці пачнуць цікавіцца стратэгічныя пакупнікі, якія будуць купляць больш прасторнае жыллё сярэдняга цанавога дыяпазону. У гэты час цэны на рынку канчаткова стабілізуюцца. Аднак ужо з другой паловы лета попыт на мінскія кватэры можа дасягнуць абсалютнага мінімуму. Менавіта ў гэты час "слабенькія" па якасці кватэры будуць зноў істотна таннець.

Сяргей Куркач
Звязда
19 лютага 2011


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/286/4548
Текущая дата: 20.11.2024