Белорусский портал в Казахстане

Лукашэнка падпісаў дырэктыву № 4 аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці



Аляксандр Лукашэнка 31 снежня падпісаў дырэктыву № 4 "Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь".
"Па сутнасці, гэта праграмны дакумент, накіраваны на наступную лібералізацыю эканомікі і разняволенне дзелавой ініцыятывы, стварэнне спрыяльных умоў для дынамічнага і ўстойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь", — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы прэзідэнта.

Дырэктыва ўтрымлівае дзевяць раздзелаў, "кожны з якіх сфакусаваны на ўстараненні існуючых бар`ераў, з якімі сутыкаюцца суб`екты прадпрымальніцкай дзейнасці".

Найменні гэтых раздзелаў "сфармуляваныя ў выглядзе канцэптуальных сістэмных патрабаванняў да ўсіх дзяржаўных органаў і арганізацый, грамадскіх аб`яднанняў і грамадзян краіны":

1. Забяспечыць далейшае развіццё добрасумленнай канкурэнцыі суб`ектаў прадпрымальніцкай дзейнасці незалежна ад формы ўласнасці.

2. Ствараць умовы для бесперашкоднага ажыццяўлення прадпрымальніцкай дзейнасці.

3. Ліквідаваць залішнія адміністрацыйныя бар`еры пры ўзаемадзеянні паміж дзяржаўнымі органамі і юрыдычнымі асобамі, грамадзянамі.

4. Завяршыць гарманізацыю падатковай сістэмы Беларусі з дзейнымі ў еўрапейскіх краінах. Надаць падатковаму заканадаўству характар, які стымулюе добрасумленнае выкананне падатковых абавязацельстваў і дзелавую ініцыятыву.

5. Надаць кантрольнай (нагляднай) дзейнасці папераджальны характар, перайсці да пераважнага выкарыстання прафілактычных мер, накіраваных на прадухіленне правапарушэнняў пры ажыццяўленні прадпрымальніцкай дзейнасці.

6. Удасканаліць інфраструктуру і сістэму фінансавання малога прадпрымальніцтва з мэтай актывізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці і забеспячэння эфектыўнай падтрымкі прадпрымальніцтва (прававой, арганізацыйнай і фінансавай).

7. Выключыць залішняе рэгуляванне рынку працы.

8. Сфарміраваць прававую базу, якая стымулюе развіццё ў Рэспубліцы Беларусь механізмаў дзяржаўна-прыватнага партнёрства.

9. Забяспечыць адназначнае прававое рэгуляванне і стабільнасць заканадаўства, якое рэгулюе прадпрымальніцкую дзейнасць.

Аб тым, што дырэктыва, якую доўга чакалі суб`екты гаспадарання, будзе падпісаная, Лукашэнка заявіў 30 снежня.

"Дырэктыва не праблема, яна будзе, калі мы абяцалі. І мы знімем гэтай дырэктывай наогул усе праблемы і прэтэнзіі да органаў улады. Але трэба самому разумець, што бізнес залежыць толькі ад цябе", — сказаў беларускі кіраўнік.

Паводле слоў Лукашэнкі, бізнесмены павінны не чакаць дырэктывы, а пачынаць працаваць.

"Калі б у нас наогул не было бізнесу, то гэтае пытанне было б дарэчным. Дырэктыва павінна даць дадатковы штуршок да развіцця прадпрымальніцтва і прадпрымальніцкай ініцыятывы ў краіне. А там, дзе вузкія месцы, яна павінна "расшыць" іх", — заявіў Лукашэнка.

"Дырэктыва па лібералізацыі павінна даць пэўны дадатковы штуршок. Так што калі хтосьці за мяжой ці ў нас чакае гэтай дырэктывы як манну нябесную, — гэта вялікая памылка. Трэба ўжо цяпер пачынаць працаваць, у нас для гэтага ўсё ёсць", — адзначыў беларускі кіраўнік. 

Мінск, 31 снежня 2010
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/293/3554
Текущая дата: 24.12.2024