Белорусский портал в Казахстане

Пракаповіч зноў абяцаў вярнуць савецкія ўклады



У 2011 годзе ў Беларусі плянуецца актывізаваць распрацоўку мэханізму кампэнсацыі і працэсу кампэнсацыі па ўкладах Ашчадбанку СССР, унесеных да пачатку 1990-х гадоў.

Пра гэта заявіў старшыня праўленьня Нацыянальнага банку Беларусі Пётар Пракаповіч падчас прамой лініі, якую арганізавала газэта "Рэспубліка".

"Гэтае пытаньне ў рэспубліцы не закрытае", — сказаў кіраўнік Нацбанка. Уклады, паводле яго слоў, плянуюць вярнуць цалкам з улікам інфляцыі і ўсіх працэнтаў за мінулыя гады. "Не хвалюйцеся, нічога не прападзе: у краіне вядзецца поўны ўлік усіх укладаў Ашчадбанку. Мы ўсё адсочваем", перадае БелаПАН.

Пракаповіч таксама растлумачыў, чаму гэта не атрымалася зрабіць у мінулыя гады:

"Да гэтага часу ніяк ня можам вырашыць гэтае пытаньне. Вы ж разумееце, што ўклады трэба кампэнсаваць за кошт бюджэту, але ў нас сытуацыя была складаная. У першыя гады існаваньня Беларусі як самастойнай дзяржавы мы страцілі прыкладна 40% ВУП, у краіне было масавае беспрацоўе, і нам спатрэбілася 8 гадоў для таго, каб аднавіць эканоміку. Толькі атрымалася ўстаць на ногі, як здарыўся другі крызіс — расейскі. З-за дэфолту нашы тавары перасталі купляць, мы літаральна за год страцілі палову экспарту", — распавёў Пракаповіч.

Паводле ягоных слоў, спатрэбілася прыкладна пяць гадоў, каб аднавіць страты:

"У гэтай пяцігодцы пачалі працаваць нармальна, і раптам здарыўся новы крызіс, прычым ня ў нас, не ў Расеі, а ў ЗША і ў самых багатых эўрапейскіх краінах. Мы падышлі да пытаньня кампэнсацыі савецкіх укладаў ушчыльную, але міжнародны крызіс зноў перакрэсьліў гэтыя пляны. У наступным годзе пачнём актыўна працаваць і зноў будзем уносіць прапановы аб тым, каб пачаць вяртаць "савецкія" ўклады насельніцтву".

09 сьнежня 2010
Радыё Свабода

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/295/3176
Текущая дата: 20.11.2024