Белорусский портал в Казахстане

"Радзіма" разам з краінай ідзе па абраным шляху



Аляксандр Лапацентаў — дэлегат ІV Усебеларускага народнага сходу ад Магілёўскай вобласці. Ён кіруе СВК "Калгас "Радзіма" Бялыніцкага раёна.

— Я бяру ўдзел ужо ў трэцім народным сходзе, — расказаў напярэдадні Аляксандр Міхайлавіч. — Калі казаць пра мінулыя ўражанні проста, то тады і не меркавалася, што ўсе намеры і планы спраўдзяцца. Але ж мы роўненька ідзём па абараным шляху. У нашай "Радзіме" вытворчасць валавой прадукцыі ад таго першага сходу павялічылася ў 11 разоў!

"Калгас "Радзіма", адзін з лідараў аграпрамысловага комплексу рэгіёна, складаецца цяпер з 4-х сельскіх гаспадарак, злучаных у адну буйную. Прычым у гэтай аб`яднанай гаспадарцы павінны былі б працаваць 900 чалавек, а насамрэч калгас сёння налічвае 350 працаўнікоў. Гэта, падкрэслівае Лапацентаў, сведчыць пра значнае павелічэнне прадукцыйнасці працы.

Сярэдні заробак у "Радзіме" цяпер складае 876 тысяч рублёў, паведаміў старшыня:

— Так, нібыта і нямала, але яшчэ і не 500 долараў, як таго патрабуе кіраўніцтва краіны. Але і такі заробак цалкам магчымы. Ведаеце, узяць і падняць заробак — гэта проста. А вось зарабіць яго, адпаведна павялічыць аб`ёмы вытворчасці — вось гэта задача. Тут трэба працаваць!

Хутка споўніцца тры дзясяткі гадоў, як Аляксандр Лапацентаў узначальвае "Радзіму". Ён летась стаў лаўрэатам прэміі Магілёўскага аблвыканкама "Чалавек года". Увагу грамадскасці да кіраўніка сельскай гаспадаркі ў Бялыніцкім раёне прыцягнулі не толькі вытворчыя поспехі, але і створаная ў СВК эфектыўная сістэма заахвочвання працаўнікоў.

У першую чаргу — заахвочвання ў здаровым ладзе жыцця, таму нездарма "Радзіму" на Магілёўшчыне называюць "здаровым калгасам". На агульным сходзе ў гэтай гаспадарцы работнікі і кіраўніцтва галасавалі не толькі за перспектыўныя паказчыкі па збожжы і малацэ, але і за колькасць тых, хто кіне курыць і далучыцца да цвярозага ладу жыцця. Прычым гэта не проста дэманстратыўны крок, а магчымасць атрымаць грашовы дадатак да заробку.

Цяпер ужо ніхто не ўзгадвае, як удзельнікі ранішніх нарадаў на мехдвары праз лічаныя хвіліны не бачылі адзін аднаго ў клубах цыгарэтнага дыму. Больш за 15 гадоў таму сам Аляксандр Міхайлавіч вырашыў кінуць курыць, за ім пацягнуліся людзі, і гэта стала пачаткам стварэння той самай працы, якую сёння прыводзяць у прыклад на ўсіх нарадах па падтрымцы здаровага ладу жыцця ў працоўных калектывах.

Справа ў тым, што тут нікога не прымушаюць гвалтам быць здаровым і дысцыплінаваным, а працуе матэрыяльная зацікаўленасць: не курыць чалавек — 10% прэміі, не курыць уся ферма, напрыклад, — то ўсім працаўнікам на ёй плацяць 15%. Таксама даплачваюць за высокатэхналагічную працу і добрыя паводзіны ў побыце, за станоўчае выхаванне дзяцей і нават за ўдзел у мастацкай самадзейнасці. З іншага боку, у гаспадарцы накладаюць жорсткія спагнанні за парушэнні.

— Усе нашы сацыяльныя выплаты дзейнічаюць, сістэма працуе на перспектыву гаспадаркі, і трэба яе далей удасканальваць, — каментуе старшыня.

Аляксандр Лапацентаў не мае сумненняў, што ў тым ліку і сістэма заахвочвання вывела сельскую гаспадарку, якую ён узначальвае, у перадавікі вытворчасці. "Толькі латругам нічога не плацяць", — упэўнена гавораць калгаснікі. У "Радзіме" нікога не ўгаворваюць працаваць добра. Людзі і самі ведаюць: будзе дысцыпліна — будуць вынікі працы — з`явяцца грошы ва ўласных кішэнях.

Кіраўнік "Радзімы", безумоўна, чакае ад Усебеларускага народнага сходу ўвагі да праблем сяла. Усе ўжо нібыта прызвычаіліся да размоў пра паварот тварам да вёскі. Але, на погляд Лапацентава, праграма адраджэння сяла не вырашыла яшчэ ўсіх праблем:

— Наша асноўная мэта — умовы жыцця, побыту і працы шчыльна наблізіць да гарадскіх. Не толькі ў нашай гаспадарцы, але ва ўсёй рэспубліцы.

Аляксандр Міхайлавіч гаворыць, што адрозненні вёскі ад горада відавочныя ўсім.

— Чаму ўсё ж такі не рвецца моладзь у вёсках жыць і працаваць? Менавіта з-за гэтага — вялікай розніцы з гарадскімі ўмовамі жыцця. А падаткаплацельшчыкі мы, сельскія, з вамі, гарадскімі, абсалютна аднолькавыя. У нас тут тры лямпачкі ў Вішове павесяць — і лічаць, што ўвесь аграгарадок асвятлілі. А ў цэнтры Магілёва ўвечары можна сонечныя акуляры надзяваць. Ці не так?..

Сапраўды, яшчэ нядаўна моладзь рабіла ўсё магчымае, каб пазбегнуць пасля навучання адпрацоўкі ў сельскай мясцовасці. Маладыя людзі лагічна скардзіліся на адсутнасць нармальных умоў для працы і адпачынку. Цяпер сітуацыя ўсё ж змянілася: аграгарадкі і буйныя гаспадаркі прапануюць сваім працаўнікам ужо зусім не старадаўні лад жыцця.

Якраз СВК "Калгас "Радзіма" ў Бялыніцкім раёне з`яўляецца адным з папулярных месцаў працаўладкавання мясцовай моладзі. Тут імкнуцца зрабіць так, каб маладыя працаўнікі ні ў якім разе не з`ехалі ў іншае месца. Пачынаюць з пад`ёмных, прапануюць жыллё. Цяпер у гаспадарцы працуе больш за паўсотні чалавек, маладзейшых за 35 гадоў.

— Дасягнуць гарадскога ўзроўню жыцця? Усё магчыма! — упэўнены Лапацентаў. — Таму што цяпер адбылося ў гаспадарцы тэхнічнае пераўзбраенне. Паводле Указа Прэзідэнта, сяляне атрымалі новыя жылыя дамы з усімі камунальнымі выгодамі. Праўда, хацелася б, каб наша моладзь танцавала пад бюджэтную музыку, а не пад калгасную. Таму што цяпер, калі калгас апаратуру не набудзе, то маладыя ў клубе будуць танцаваць пад язык. А добра было б, каб пра іх жыццё і адпачынак клапацілася не толькі гаспадарка.

Абмеркавання на рэспубліканскім узроўні, мяркуе старшыня "Радзімы", вартыя многія з надзённых сельскіх праблем. Напрыклад, адна з іх — рэгуляванне вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі дзяржавай.

— Быў я ў Германіі, і там працуе дакладная схема, — падзяліўся Аляксандр Міхайлавіч. — Калі дзяржава зацікаўлена ў вырошчванні і атрыманні, напрыклад, рапсу, то яна рэгулюе працэс закупачнымі цэнамі на рапс. І калі там дзяржава паабяцала, то фермеры і ўсе вытворцы сельскагаспадарчай прадукцыі маюць упэўненасць, што слова будзе стрымана. Нікога не трэба ўгаворваць вырошчваць тую ці іншую культуру, калі гэта выгадна — усе будуць рабіць. У нас жа яшчэ ў падобных сітуацыях з рэгуляваннем узнікае шмат пытанняў.

Лапацентаў прыводзіць у прыклад бульбу, пра адраджэнне вытворчасці якой шмат гавораць апошнім часам: "Былі часіны, калі ў "Радзіме" садзілі 400 гектараў бульбы і атрымлівалі да 420 цэнтнераў з аднаго гектара. А цяпер мы садзім бульбы толькі 2 гектары для патрэбаў школы. І як вярнуцца да ранейшых лічбаў — гэта яшчэ пытанне, бо ёсць складанасці з цэнамі і з рэалізацыяй. Але будзем працаваць, і ўрэшце ўсё атрымаецца".

— Я хачу пажадаць усім удзельнікам народнага сходу і ўвогуле жыхарам Беларусі, каб усё, што будзе прынята дэлегатамі, увасобілася ў жыццё, — сказаў Аляксандр Лапацентаў. — Ад гэтага мы станем жыць лепей!

Ілона Іванова
Звязда
8 снежня 2010


Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/297/3157
Текущая дата: 23.12.2024