Белорусский портал в Казахстане

Прыток гастарбайтэраў можа прывесьці да зьмены беларускага этнасу?



Працоўная міграцыя на тэрыторыю Беларусі зь іншых краін павялічваецца. Карэспандэнт Беларускай службы Польскага радыё паспрабаваў разабрацца, якімі наступствамі тэндэнцыя можа абярнуцца для краіны.

Падлікам колькасьці гастарбайтэраў у Беларусі павінен займацца Дэпартамэнт па грамадзянству й міграцыі МУС. Аляксей Бягун, намесьнік начальніка гэтай структуры, паведаміў журналістам афіцыйныя лічбы па міграцыі на тэрыторыю Беларусі.  Такім чынам, штогод у Беларусь прыязджае на сем тысяч чалавек болей, чым ад’язджае з краіны. Штогод 15 тысяч чалавек просяць дазвол на пастаяннае пражываньне й 20 тысяч чалавек атрымліваюць дазвол на часовае пражываньне ў Беларусі.

На першы погляд, лічбы невялікія. У краіны Эўразьвязу імкнецца куды болей перасяленцаў. І ў такіх гарадах, як Парыж ці Марсэль, карэнных жыхароў робіцца меней, чым прыезджых.   
І гэта лёгка патлумачыць. У Францыю, Гішпанію, Вялікабрытанію, Нідэрланды й іншыя дзяржавы актыўна пераязджаюць жыхары былых калёніяў. Атрымліваецца, што былыя імпэрыі расплочваюцца за сваё мінулае.

Але ці заслугоўвае такога лёсу Беларусь?

Дэпартамэнт па грамадзянству й міграцыі МУС не дае канкрэтных лічбаў наконт таго, колькі гастарбайтэраў завозіцца ў нашу краіну. Але ў адным Менску раз-пораз можна пабачыць цэлыя брыгады таджыкаў ці кіргізаў, якія будуюць дамы й дарогі. Тэндэнцыя відавочная для многіх жыхароў сталіцы.

У МУС спасылаюцца на закон “Аб зьнешняй працоўнай міграцыі”, які нібыта накіраваны на тое, каб адпраўляць мігрантаў на працы, якія мала вабяць саміх беларусаў. Але сфэра будаўніцтва, пагадзіцеся, ня самы дрэнны варыянт працаўладкаваньня.

Гісторык Алесь Гурыновіч, які яшчэ з часу навучаньня ў БДУ дасьледаваў праблему міграцыі, лічыць, што беларусам прыйшоў час біць у набат і папярэджваць верагодную небясьпеку. Экспэрт сьцвярджае, што масавае прыцягваньне гатсарбайтэраў – мэтанакіраваная палітыка буйных працадаўцаў, якія мала дбаюць пра лёс краіны.

Алесь Гурыновіч: У дадзеным выпадку лепш узяць пяць чалавек на тую зарплату, якую павінен плаціць аднаму беларусу. Гэта значна для іх таньней, элемэнтарная выгада. Нам нявыгадна, беларусам, а працадаўцам – выгадна.

Алесь Гурыновіч сьцьвярджае, што кампэтэнтныя чыноўнікі папросту не ўсьведамляюць, у якую праблему можа выліцца такая працоўная міграцыя. Экспэрт перадае словы аднаго такога клерка. 

Алесь Гурыновіч: У нас не хапае яшчэ трыццаці мільёнаў, і мы будзем засяляць да нас азэрбайджанцаў, таджыкаў і іншых усходніх людзей. Будзем даваць ім дамы, будзем спрыяць, каб яны засяляліся ў Беларусь.

Экспэрт прааналізаваў, што неабдуманая міграцыя ў момант неспрыяльнай дэмаграфічнай сытуацыі можа прывесьці да незваротных наступстваў.

Алесь Гурыновіч: Да замены этнасу ў выніку ды й усё. Нараджальнасьць у нас вельмі малая, прытоку няма. Раней быў такі праект: вяртаньне беларусаў на Радзіму. У той жа Расеі нашых суайчыньнікаў мільёны жывуць. Зараз, наколькі я ведаю, гэтым ніхто сур’ёзна не займаецца. А самы элемэнтарны й просты шлях: узяць і навезьці сюды гастарбайтэраў. Многія працадаўцы ў нас тут не жывуць, па вуліцах нашых ня ходзяць. Яны езьдзяць на курорты й так далей. Ім напляваць на насельніцтва. Тым больш, што працадаўцы ў большасьці, калі яны й беларусы, то несьвядомыя. А ў асноўным – не беларусы. Ім напляваць на наш народ і на тое, што тут будзе. Галоўнае – грошы зарабіць.

З 50-х гадоў мінулага стагодзьдзя стаўку на гастарбайтэраў зрабілі ўлады ФРГ. Гэта дапамагло хутчэй правесьці індустрыялізацыю. Сёньня нямецкія ўлады гатовыя плаціць грошы за тое, каб туркі вярталіся на гістарычную бацькаўшчыну, а ў буйных нямецкіх гарадах існуюць цэлыя раёны, заселеныя ўсходнімі, часта беспрацоўнымі эмігрантамі. Ці наступяць беларускія чыноўнікі на тыя ж граблі?

Алег Бірчанка, Менск
Polskie Radio dla Zagranicy
22 верасня 2010

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/305/2025
Текущая дата: 23.12.2024