Па выніках таргоў на БВФБ беларускі рубель усё ж таннее, а расійскі рубель набліжаецца да 5 (за сотню).
А раніцай на таргах усё было інакш. У пачатку адзінаццатага раніцы 29 чэрвеня беларускі рубель крыху ўмацоўваўся да долара і еўра, але да завяршэння ён сваю перавагу страціў і да закрыцця таргоў аслабеў да ўсіх асноўных валют.
Моцна падаражэў кошык валют. Усяго за суткі яго кошт падскочыў на 2,46 %. За ўсю гісторыю таргоў больш было толькі двойчы. Апошні раз крыху больш за тры месяца таму. З пачатку месяца кошык валют падаражэў на 8,75%, а з пачатку года ўжо на 18,11%.
А курс долара падрос усяго на 0,0014 BYN да 2,5235 BYN/USD і пакінуў мінімум за 34 дні. Папярэднія восем дзён долару падаражэць не ўдавалася. Ён саступіў беларускаму рублю за гэты час 0,0422 BYN. Аб’ём таргоў доларам «на росце» сёння падскочыў у 4 разы да 50,1 мільёнаў долараў.
Курс еўра вырас і таго менш — толькі на 0, 0013 BYN да 2, 6630 BYN / EUR. Млявае ўмацаванне еўра ідзе трэці дзень. За гэты час ягоны курс вырас усяго на 0,0027 BYN да максімуму за 8 дзён.
Вельмі актыўнай была на гэтых таргах расійская валюта. Курс расійскага рубля ірвануў уверх адразу на 0,2326 BYN да 4,9705 BYN/100 RUB — гэта новы абсалютны максімум.
Да ўзроўню 5,00 BYN за сотню расійскіх засталося менш за 0,6 %. Сёння суседні рубель прадэманстраваў уражлівы вынік — рост амаль на 5% за адну гандлёвую сесію. За ўсю гісторыю назірання больш было толькі тройчы. Усяго 3,5 месяцы таму 9 сакавіка на біржы ў Мінску за сотню расійскіх рублёў прапаноўвалі ўсяго 2,74 беларускія рублі. Хто б мог тады падумаць, што праз квартал расійскі рубель будзе рыхтавацца да штурму адзнакі 5,00 BYN.
Сяргей Куркач
Звязда, 29 чэрвеня 2022
Звязда, 29 чэрвеня 2022
Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/31/65583
Текущая дата: 16.11.2024