Белорусский портал в Казахстане

У Беларусі могуць пачаць вырабляць камплектуючыя да расійскіх самалётаў



Аб гэтым паведамляе Міністэрства транспарту і камунікацый.

"Прапрацоўваецца пытанне выкарыстання паветраных суднаў расійскай вытворчасці, а таксама выканання перавозак у азіяцкі рэгіён з дапамогай прыцягнення лагістычных аператараў, вывучаецца магчымасць эксплуатацыі расійскага самалёта Іл 96-400Т. Акрамя гэтага, прапрацоўваецца магчымасць асваення на тэрыторыі Беларусі імпартазамяшчальнай вытворчасці камплектуючых да самалётаў Sukhoi Superjet 100, МС-21 і іх тэхабслугоўвання", - расказалі ў Дэпартаменце па авіяцыі.

Адзначаецца, што айчынныя авіякампаніі ва ўмовах закрытага неба пераарыентавалі работу ва ўсходнім і паўднёвым напрамках. "Рэгулярныя рэйсы выконваюцца ў 16 аэрапортаў (восем краін). Палёты на рэгулярнай аснове ў Нацыянальны аэрапорт Мінск ажыццяўляюць тры авіяперавозчыкі", - дадалі ў дэпартаменце.

Для стабілізацыі фінансава-эканамічнага становішча авіяцыйных арганізацый рэалізуюцца антыкрызісныя меры, накіраваныя на пераарыентацыю экспартных патокаў, аптымізацыю затрат, павышэнне фінансавай дысцыпліны. Ключавая задача - захаваць працоўныя калектывы.

24 мая 2022, Мінск
БЕЛТА

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/32/65094
Текущая дата: 16.11.2024