Белорусский портал в Казахстане

Двух браканьераў з петлямі для дзікіх жывёл затрымалі ў Лунінецкім раёне



Двух браканьераў з забароненымі прыладамі палявання затрымалі інспектары ў Лунінецкім раёне, паведаміў намеснік начальніка Брэсцкай абласной інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Сяргей Мычко.

У лесе каля вёскі Кормуж работнікі Мікашэвіцкай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету з доказамі злачынства затрымалі мясцовага жыхара 1962 года нараджэння.

Мужчына разбіраў самку казулі еўрапейскай. На шыі жывёлы былі сляды задушвання пятлёй з металічнай дроту. Яшчэ дзве такіх пятлі былі выяўленыя ў рэчах вяскоўца. Пры аглядзе тушы жывёліны ўстаноўлена, што казуля выношвала эмбрыён.

Нанесены прыродзе ўрон ацэнены ў 240 базавых велічынь (1 БВ — Br32). Лунінецкі РАУС праводзіць праверку па факце браканьерства, па выніках якой з вялікай доляй верагоднасці будзе ўзбуджаная крымінальная справа.

Таксама з доказамі злачынства ў лесе каля вёскі Баравікі інспектары затрымалі жыхара вёскі Вялікія Чучавічы 1961 года нараджэння.

Браканьер усталёўваў петлі з металічнага дроту для задушвання дзікіх жывёл. У дачыненні да мужчыны распачаты адміністрацыйны працэс па ч. 1 арт. 16.27 КаАП (паляванне забароненымі прыладамі). Яму пагражае штраф да 30 базавых велічынь.

У інспекцыі заклікалі грамадзян не быць абыякавымі да знішчэння прыродных багаццяў краіны. Сведак парушэння прыродаахоўнага заканадаўства просяць тэлефанаваць на тэлефон даверу ў Брэсце: (80162) 25-50-00.

Звязда, 1 лютага 2022

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/35/63252
Текущая дата: 03.10.2024