Белорусский портал в Казахстане

Цяпер не толькі малако: у Беларусі павялічылі спіс прадуктаў "за шкоднасць"



Савет міністраў вызначыў пералік прадуктаў, якія могуць выдавацца работнікам замест малака, а таксама нормы іх бясплатнай выдачы.

Урад скарэкціраваў правілы бясплатнага забеспячэння работнікаў малаком пры рабоце са шкоднымі рэчывамі, пастанову, апублікаваную ў сераду на Нацыянальным прававым інтэрнет-партале, падпісаў прэм`ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка.

Гэтым дакументам Савет міністраў вызначыў пералік прадуктаў, якія могуць выдавацца работнікам замест малака, а таксама нормы іх бясплатнай выдачы.

У пералік акрамя ўжо звыклага малака "за шкоднасць" уключаны кісламалочныя прадукты тлустасцю да 3,5%, а менавіта кефір розных гатункаў, сыраватка, ацыдафілін, ражанка, а таксама ёгурты тлустасцю да 2,5% без дадання немалочных кампанентаў.

Таксама ў гэты спіс патрапілі тварог не больш за 9% тлустасці і сыр з утрыманнем тлушчу да 24%. Супрацоўнікі шкодных вытворчасцей могуць разлічваць і на дыетычны спецыялізаваны прадукт. Звычайна такія прадукты вызначае Міністэрства аховы здароўя.

У міністэрстве працы і сацабароны лічаць, што гэта дазволіць наймальнікам пашырыць выбар прадуктаў для тых супрацоўнікаў, якія працуюць са шкоднымі рэчывамі і якім для прафілактыкі паказана піць малако.

Звычайна кожнаму работніку за адзін працоўны дзень ці змену выдаюць 0,5 літра малака. Што тычыцца нормаў выдачы іншых прадуктаў, якія ўвайшлі ў спіс "за шкоднасць", то кефір, сыраватка, ацыдафілін, ражанку або ёгурт будуць даваць на выбар па 0,5 літра. Творагу можна будзе ўзяць 100 г, а сыра - 60 г.

Раней міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч гаварыла, што малако запатрабавана не ўсімі работнікамі "шкодных" спецыяльнасцей, таму меркавалася замяніць яго грашовымі выплатамі.

Тыя, хто не захоча атрымліваць малако, а жадае замяніць яго грашовым кампенсаваннем, павінны будуць напісаць заяву.

Мінск, 6 красавіка 2022
Sputnik

Ссылка на текущий документ: http://belarus.kz/aktueller/2-402/35/64443
Текущая дата: 26.12.2024